Ці збіраецца апазіцыя набываць дэтэктар хлусні?


На пачатку тыдня Сяргей Марцалеў, кіраўнік перадвыбарчага штабу былога кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава, здзівіў грамадскасць нестандартнаю прапановаю. Ён хоча, каб апазіцыянеры праверыліся на дэтэктары хлусні. Тады стане зразумела, хто шпіёніць на КДБ, а хто на замежныя спецслужбы.

Спадар Марцалеў першы заняў чаргу да апарата, якога, дарэчы, у апазіцыі пакуль няма. Да ведама, рынкавы кошт просценькага дэтэктара – каля $ 3,5 тыс. Мізэрная сума ў параўнанні з коштам даверу, якога бракуе апазіцыянерам паміжсобку ды ў грамадстве.

Палітолаг: гэта – “прыкол”

Палітолаг Валер Карбалевіч не верыць, што спадар Марцалеў пра дэтэктар гаварыў усур’ёз. Эксперт бачыць ў гэтым “прыкол”: “Гэта што? Трэба прасіць у КДБ у арэнду дэтэктар хлусні, альбо як? Не думаю, што хтосьці сур’ёзна да гэтага ставіцца”.

Аднак за, магчыма, жартаўлівай ідэяй стаіць сур’ёзная рэч: праблема даверу электарату апазіцыі ды апазіцыянераў адзін да аднога. “Гэта сведчыць пра тое, што існуе вялікі недавер паміж прадстаўнікамі апазіцыі, паміж прадстаўнікамі розных арганізацыяў. Ён звязаны з неэфектыўнасцю дзейнасці апазіцыі, бо вынікаў няма. Калі так, то трэба шукаць прычыны. І адна з прычынаў – агенты КДБ. Пра гэта казаў і палкоўнік Барадач, і Бандарэнка ў дачыненні журналістаў. Таму атмасфера шпіёнаманіі працягваецца, што на карысць уладаў”, – кажа палітолаг Карбалевіч.

Неэфектыўнасць дзейнасці апазіцыі, у якой вінавацяць шпіёнаў, крыецца ў іншай больш глабальнай праблеме. На думку спадара Карбалевіча, ва ўмовах жорсткага агрэсіўнага аўтарытарнага рэжыму апазіцыя ў прынцыпе не можа быць моцная ды ўплываць на палітычную сітуацыю. Ёсць і іншыя памылкі ды хібы, але ў сітуацыі рэпрэсіяў ніколі не можа быць эфектыўнай апазіцыі.

Камітэт апазіцыйнай бяспекі

Андрэй Дзмітрыеў, на якога іншыя апазіцыянеры пачалі коса паглядаць пасля “прызнання” на БТ, выкрывае абсурднасць метаду: “Давайце будаваць дэмакратычную краіну метадамі КДБ! Гэта нагадвае савецкія часы пасля вайны, калі людзі пісалі, што іхная бабуля не жыла на акупаванай тэрыторыі. Добра, але як часта трэба будзе правярацца на дэтэктары хлусні? Вось адбываецца суд над Вінаградавым і Арцыбашавым. Дык вы хочаце, каб пасля выхаду іх адразу на дэтэктар накіравалі?.. Гэта непавага да людзей, якая не можа быць глебаю для ўзаемадзеяння”, – кажа Андрэй Дзмітрыеў.

Калі палітыкі жадаюць дасягнуць даверу, то аніякі дэтэктар не дапаможа. На думку спадара Дзмітрыева, размова і супольныя дзеянні – вось шлях да ўзаемаразумення сярод палітыкаў.

Псіхолаг: палітыка і давер – антонімы

Псіхолаг Вольга Андрэева не гарантуе, што дэтэктар палепшыць сітуацыю. Экспертка зазначае: “Там, дзе ёсць палітыка, пра давер размовы наагул быць не можа. Дзіўна пра гэта казаць у кантэксце палітыкі”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары