Праваслаўная царква і памежнікі ладзяць супольны Хросны ход


У Гомельскай вобласці памежнікі разам са святарамі Праваслаўнай царквы ладзяць Хросны ход. Яны будуць перавозіць абраз і харугву з Гомля ў Лоеў, Мазыр, а пасля ў Тураў, дзе служаць памежнікі. Такім чынам яны збіраюцца адсвяткаваць 10-годдзе супрацы.

Пагоны ў Праваслаўнай царкве

У панядзелак, 25 чэрвеня, у гомельскім аэрапорце святары перададуць вайскоўцам абраз святога архістратыга Міхаіла. Пасля ў бажніцы-помніку ахвярам Чарнобылю пройдуць супольныя з вайскоўцамі набажэнствы, якія ачоліць спецыяльны праваслаўны святар – кіраўнік аддзелу Гомельскай епархіі ва ўзаемадзеянні з узброенымі сіламі РБ. Плануецца, што далей ікона з харугваю паедзе ў Лоеў, Мазыр ды Тураў, дзе святыні будуць сустракаць вайсковыя памежнікі.

Дамова супраць злачынстваў

Супраца Праваслаўнай царквы і вайскоўцаў пачалася дзесяць гадоў таму з падпісання адмысловай дамовы. Падстава – заўважны духоўны крызіс. Прынамсі, у дамове гаворыцца: “Духоўнае адраджэнне грамадства адбываецца павольна ды супярэчліва, неабходна вяртаць воінства да сапраўдных духоўных, хрысціянскіх вайскова-патрыятычных каштоўнасцяў”.

У межах супрацы царквы ды вайскоўцаў хочуць вяртаць ва ўзброеныя сілы праваслаўныя рытуалы, аздаравіць маральны клімат, супрацьстаяць ужыванню наркотыкаў ды алкаголю, прафілактызаваць злачынствы ды суіцыды.

Братэрства зброі ды крыжа

У Беларусі даўно прызвычаіліся да шыльнай сувязі праваслаўнага духавенства з афіцыйнымі структурамі. Царква звяртаецца да людзей з пагонамі па дапамогу ў аднаўленні бажніцаў ды падтрыманні святыняў. Вайскоўцы ды міліцыянты, у сваю чаргу, звяртаюцца па “духоўны сервіс”.

Гэтак, нарабіла шуму ініцыятыва міліцэйскага начальства ў Гомлі прыцягваць святароў да прафілактыкі суіцыдаў сярод службоўцаў. Два гады таму рэгіён лідараваў у колькасці самагубстваў сярод міліцыянтаў. І бацюшка наведваў міліцэйскія кабінеты, асвячаючы іх вадою ды словам божым.

belsat.eu

Стужка навінаў