ТОП-10 падробак на беларускім рынку


Рэйтынг склалі працаўнікі Галоўнага упраўлення ўнутраных справаў МУС.

У пералік трапілі дзесяць тавараў, якія за апошнія два месяцы канфіскавалі з-за неадпаведнасці арыгіналу або нелегальнасці ўвозу ў краіну.

Першае месца – цыгарэты і элітнае спіртное

Толькі за травень працаўнікі падраздзяленняў барацьбы з эканамічнымі злачынствамі канфіскавалі тытунёвых вырабаў на Br 1,5 млрд. Большую частку парушальнікі планавалі пераправіць у краіны Балтыі і Заходняй Еўропы.

Другое месца — DVD

Уласнай пірацкай вытворчасці дыскаў, паводле аператыўнікаў, у Беларусі няма, затое ёсць попыт насельніцтва. За апошні месяц знайшлі амаль 9 тыс. дыскаў з прыкметамі кантрафактнасці.

Трэцяе месца – мабільныя тэлефоны

Большасць мадэляў як вонкава, гэтак і “начынкаю” далёкія ад арыгіналаў, але з-за нізкай цаны на іх знаходзяцца пакупнікі. За травень з гандлёвай сеткі “вылавілі” такіх на Br 226 млн.

Чацвёртае месца – мэбля

Гэта адносны “навічок” сярод тавараў, якія спрабуюць падрабіць і прадаць як арыгінал. За апошні час здарылася адразу некалькі буйных скандалаў. Ад дзеянняў нядобрасумленных бізнесоўцаў, у прыватнасці, пацярпелі акцыянернае таварыства “Ольса” і мэблевая фабрыка “Лагуна”. Страты апошняй склалі амаль Br 320 млн.

Пятае месца – абутак і адзенне

Агульны кошт канфіскаванага за травень абутку, які прадавалі пад вядомымі гандлёвымі маркамі, – болей за Br 28 млн.

Шостае месца – імпартная касметыка

Сёмае месца – запасныя дэталі для аўтамабіляў

Цягам апошніх правяранняў у прадпрымальнікаў канфіскавалі дэталяў пад таварнымі знакамі “Kayaba”, “Liqui Moly”, “Blauer” на Br 512 млн. Паколькі на іх не было дакументаў, цалкам магчыма, што гэта падробкі.

Восьмае месца – аграхімікаты

Грузавікі з угнаеннямі курсуюць з Расеі ды ў зваротным кірунку. Тут часта знаходзяць тавар без суправаджальных дакументаў. За травень міліцыянты канфіскавалі сотні тонаў аграхімікатаў пад таварнымі знакамі “Du pont”, “Basis” і “Trend 90”, усяго – на Br 481 млн.

Дзявятае месца – бытавая тэхніка

Аператыўнікі кажуць, што сапраўдная тэхніка прадаецца ў буйных гандлёвых сетках. А вось даведацца, дзе насамрэч зроблены электрычны імбрык або пральная машына, якую прадаюць на рынку, практычна немагчыма.

Дзясятае месца – кава, гарбата і харчы

Тут праблема ў тым, што прадпрымальнікі не маюць дакументаў, каб пацвердзіць легальнасць набыцця тавару. Таму яго канфіскоўваюць і адпраўляюць на экспертызу.

belsat.eu

Стужка навінаў