Доктар House праспяваў блюз у Палацы Рэспублікі


Брытанскі акцёр, парадыст і музыкант Г’ю Лоры (Hugh Laurie) выступіў з сольным канцэртам у Менску.

Шырокай публіцы ён вядомы ў першую чаргу як актор, які выканаў ролю доктара House’a ў нашумелым серыяле. Між тым меламаны ва ўсім свеце цэняць яго як добрага блюзавага музыку. Нядаўна выпушчаны Лоры дэбютны альбом “Let Them Talk” ужо праз тыдзень пасля выхаду заняў першыя радкі брытанскага нацыянальнага хіт-параду і трапіў у “Hot 100” музычнага часопісу “Billboard”.

Г’ю Лоры прызнаваўся: “Музыка заўсёды была для мяне велізарным суцяшэннем, і калі акторскае выкананне ў тым, каб надзець маску або вобраз, то музыка – гэта зрыванне маскі ды агаленне сябе”.

Г’ю Лоры вырашыў перайграць вялікую блюзавую класіку. У ягоны альбом увайшлі і “St. James Infirmary” – каронная рэч Луі Армстранга, і “Swanee River” – песня афраамерыканцаў з плантацыяў, і “Buddy Bolden’s Blue” – кампазіцыя, прысвечаная трубачу, які змяшаў рэгтайм і блюз ды, па сутнасці, вынайшаў джаз.

“Я абраў вядомыя рэчы, якія шырокая публіка не надта добра ведае. Асабліва моладзь. Мне падаецца, гэта злачынства”, – каментуе музыка. Шмат з гэтых кампазіцыяў прагучала на канцэрце 22 чэрвеня ў Менску.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары