Венесуэльская нафта выратавала пагадненне аб адзіным нафтавым рынку?


Паводле першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, імпарт нафты з Венесуэлы дапамог Беларусі ў крытычны момант.

Паводле чыноўніка, “гэта была сяброўская дапамога, і ў пэўны момант гэты імпарт быў выгадны”. Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што нафта з Венесуэлы вырашыла шэраг праблемаў. “І калі б не было гэтага імпарту ў 2010–2012 гг., то, напэўна, не было б пагадненняў аб адзіным рынку нафты і нафтапрадуктаў, падпісаных з Расеяй і Казахстанам летась. Я ў гэтым перакананы”, – падкрэсліў Сямашка.

Аднак ад чэрвеня імпарт венесуэльскай нафты прыпынены. Да гэтага Менск атрымліваў з Каракасу 160 000 тонаў нафты на месяц.

Ён адзначыў, што дзейныя нафтавыя дамовы з Расеяй – “узаемавыгадныя, важныя для абодвух бакоў, пераследуюць палітычныя і эканамічныя мэты”. “Кан’юнктура рынку такая, што танней нафту купляць у Расеі, таму мы перасталі набываць нафту ў Венесуэле”, – сказаў Сямашка.

Разам з тым першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што “калі будуць узнікаць рынкавыя сітуацыі, калі спатрэбіцца да расейскай нафты атрымаць, у прыватнасці, азербайджанскую нафту, то гэтае пытанне вырашыцца вельмі проста”.

belsat.eu

Стужка навінаў