Журналіст «Еўрарадыё» таксама "нецэнзурна лаяўся"


Прынамсі за гэткі ўчынак Павел Свярдлоў, былы выкладчык факультэту журналістыкі БДУ, уладальнік “Крыштальнай савы” на шоу “Што? Дзе? Калі?”, атрымаў 15 дзён адміністратыўнага арышту.

Паводле версіі міліцыянтаў, не паспеў журналіст выйсці з пад’езду свайго дому, як тут жа пачаў брыдкасловіць. На шчасце, побач апынуўся мікрааўтобус з працаўнікамі праваахоўных органаў, якія і затрымалі Свярдлова.

Журналіст здолеў паведаміць калегам пра сваё затрыманне. Праз некалькі гадзінаў ужо быў прызначаны суд, аднак галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Віталь Зыблюк трапіць на яго не змог, а адвакату паведамілі, што Свярдлоў адмовіўся ад ягоных паслугаў.

“Нядаўна ў нас выйшаў матэрыял, дзе нашыя журналісты прайшліся па метро з вялікаю торбаю маршрутам Канавалава, і ніхто іх не затрымаў. Магчыма, хтосьці атрымаў па галаве і вырашыў такім чынам адпомсціць. А можа, гэта звязана з 3 ліпеня – год таму адбываліся маўклівыя акцыі, і ён таксама быў затрыманы”, – кажа Віталь Зыблюк.

Затрыманне нібыта за нецэнзурную лаянку, як гэта звычайна адбываецца з апазіцыйнымі актывістамі, – рэч незвычайная ў дачыненні журналістаў. Да таго ж цяпер чакае вынясення абвінавачання гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут – за “паклёп на прэзідэнта”.

А пад менскім офісам “Еўрарадыё” стаіць мікрааўтобус з людзьмі ў цывільным. Яны падыходзілі да вахцёра дому з нейкімі фотаздымкамі ды, відавочна чакаюць, калі журналісты выйдуць з рэдакцыі. Карэспандэнты “Белсату” пастараюцца пракантраляваць, каб журналісты “Еўрарадыё” не пачалі раптам лаяцца пасля цяжкага працоўнага дня.

belsat.eu

Стужка навінаў