Ці ўдасца «Gazecie Wyborczej» абараніць Пачобута, як летась?


Цягам дзесяці дзён карэспандэнту мусяць выставіць абвінавачанне. Яму пагражае да пяці год турмы.

Польскае выданне «Gazeta Wyborcza» будзе дамагацца вызвалення свайго карэспандэнта Андрэя Пачобута, паведамляе РІА «Новости» са спасылкаю на рэдактара аддзелу «Краіна, свет, меркаванні» Лукаша Ліпіньскага (Łukasz Lipiński).

«Будзе поўная мабілізацыя. Не толькі ў дапамогу Андрэю і ягонай сям’і, але і з мэтаю надання справе рэзанансу. Улады хочуць пакараць яго за тэксты, якія не публікаваліся ў нашай газеце, у надзеі, што мы не ўмяшаемся, але мы ўмяшаемся самым актыўным чынам і разгорнем кампанію для вызвалення Андрэя Пачобута», – заявіў Ліпіньскі.

Ён нагадаў, што падчас леташняга працэсу супраць Пачобута рэдакцыі ўдалося арганізаваць кампанію ў падтрыманне журналіста, і тады «ўвесь свет устаў сцяною на абарону Андрэя». Цяпер выданне разлічвае на падтрыманне Міністэрства замежных справаў Польшчы і бачных польскіх палітыкаў.

Як паведаміў «БелаПАН» начальнік аддзелу інфармацыі ды сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэту Павел Травулька, упраўленне Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці распачало крымінальную справу ў дачыненні Пачобута за паклёп на прэзідэнта Беларусі па матэрыялах правярання абласнога ўпраўлення КДБ.

Паводле вынікаў лінгвістычнай экспертызы, у публікацыях Пачобута «ўтрымліваюцца словы, фразы і выразы, ужытыя ў дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да паклёпу і дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь».

Нагадаем, Андрэя Пачобута затрымалі ўвечары 21 чэрвеня ў ягонай кватэры ў Горадні і змясцілі пад варту.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары