Рыбак пакалечыў бакланаў з «уласнай непрыязнасці»


Пра гэта распавёў раённы інспектар прыродных рэсурсаў. Міліцыя ж сцвярджае, што падазраваных або затрыманых у справе з пакалечанымі бакланамі ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, няма.

„Ёсць папярэдняе кола асобаў, якія могуць быць датычныя. Мы правяраем інфармацыю, праводзім правернне, але нікога ў статусе падазраваных няма”, – заявіў „Интерфаксу-Запад” у пятніцу начальнік Чашніцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Міхаіл Дяддзічкін.

Раней „БелТА” са спасылкаю на начальнік Чашніцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрыя Чарнавусава паведамляла, што міліцыя знайшла падазраванага ў жорсткім абыходжанні з птушкамі.

Мужчына не мае дачынення да рыбгасу і пакалечыў птушак з асабістай непрыязнасці: яны перашкаджалі яму лавіць рыбу. Пакуль ацэньваецца шкода, якую ён нанёс, і рана казаць, якая адказнасць яго чакае – адміністратыўная або крымінальная, паведаміў «БелТА» начальнік Чашніцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Чарнавусаў.

Пакуль жа бакланаў адлоўліваюць і ўсыпляюць, бо на іх лячэнне ў Беларусі чыноўнікі не збіраюцца выдаткоўваць грошы, дый спецыялізаваных прытулкаў у нас няма. З 20 чэрвеня, паводле Чарнавусава, эўтаназіі падверглі 15 птушак.

16 чэрвеня пакалечаных птушанятаў знайшлі арнітолагі. Па гэтым факце праводзіў правяранне Чашніцкі РАУС. Міліцыянты, якія паехалі на месца падзеяў, сцвярджаюць, што ў паведамленні, якое ім паступіла, колькасць пакалечаных птушак значна перавялічаная: міліцыянты знайшлі не сотню, а некалькі дзясяткаў ахвяраў.

За выпадкам і яго наступствамі сочаць у Міністэрстве прыроды. Баклан у Беларусі ўнесены ў пералік «непажаданых відаў», бо наносіць шкоду рыбгасам. Аднак гэта «абсалютна не апраўдвае паводзінаў тых людзей, якія жахлівым чынам абышліся з птушкамі», мяркуюць у міністэрстве.

Паводле Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, жорсткае абыходжанне з жывёлаю, што пацягнула яе гібель або калецтва, а таксама катаванне жывёлы караюць штрафам памерам ад 10 да 30 баз. вел. або адміністратыўным арыштам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары