Вольга Някляева патрабуе звестак пра месцазнаходжанне затрыманых асобаў


Адкрыты ліст да Рыгора Васілевіча, генеральнага пракурора Беларусі, падпісалі жонка экс-кандыдата і Сяргей Калякін.

“Звяртаемся да вас з адкрытаю заяваю з нагоды грубых парушэнняў законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, паколькі вы асабіста несяце адказнасць за яе ахову. Заклікаем вас праявіць грамадзянскую мужнасць, прафесіяналізм і даць сапраўдную прававую ацэнку правапарушэнням, што адбыліся падчас выбарчай кампаніі. Мы патрабуем прыняць захады пракурорскага рэагавання па фактах збіцця невядомымі асобамі кандыдата на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева, журналістаў і мірных грамадзянаў 19 снежня 2010 года”, – заявіла Вольга Някляева.

Нагадаем: учора на калону актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” і журналістаў, што іх суправаджалі, напала група невядомых у чорнай вопратцы. Кандыдат быў моцна збіты і шпіталізаваны.

Жонка кандыдата запатрабавала высветліць месцазнаходжанне зніклых грамадзянаў і ў выпадку іх затрымання неадкладна паведаміць іхным крэўным пра месцазнаходжанне затрыманых.

“На цяперашні момант я не ведаю, дзе знаходзіцца мой муж. Прайшло 12 гадзінаў, вызначаных законам для паведамлення крэўным, або каб даць магчымасць затрыманаму звязацца са сваімі крэўнымі”, – заявіла Вольга Някляева.

Стужка навінаў