ААН занепакоіла дыскрымінацыя жанчын у беларускіх турмах


Нагодаю паслужыла справа пяцігадовай даўніны.

Прызначаныя тры спецдакладчыкі Камітэту ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын ААН. Яны будуць сачыць, як выконваецца гэтае патрабаванне, у рамках справы берасцейкі Інгі Абрамавай.

Актывістка руху «За свабоду» Інга Абрамава накіравала індывідуальны зварот у Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын ААН 22 снежня 2008 г. Раней яна спрабавала дамагчыся праўды ўва ўсіх беларускіх інстанцыях. Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, які рэпрэзентуе яе інтарэсы ў ААН.

Інгу Абрамаву міліцыянты затрымалі ў Берасці 10 кастрычніка 2007 г. разам з актывістам апазіцыі Юрыем Бакурам. Яны развешвалі сінія стужачкі на вадасцёкавых трубах дамоў, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да акцыі «Еўрапейскі марш», якая мела прайсці ў Менску.

11 кастрычніка 2007 г. за «нецэнзурную лаянку» актывістку асудзілі на пяць дзён арышту, які яна адбывала ў ІЧУ Ленінскага РАУС. У скарзе ў Камітэт ААН Абрамава напісала, што ў ізалятары супрацоўнік дазволіў сабе дакрануцца да яе, а на яе пярэчанні іншы міліцыянт заявіў, што яны могуць цалкам яе распрануць. Гэта яна расцаніла як сексуальнае дамаганне. Пасля працаўнікі ІЧУ працягвалі абражаць яе як жанчыну словамі і паводзінамі.

Такія факты дыскрымінацыі былі магчымыя з той прычыны, што персанал ІЧУ складаўся выключна з мужчынаў, мяркуе праваабаронца Раман Кісляк.

У ліпені 2011 г. Камітэт ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын ААН вынес рашэнне ў гэтай справе, у якім прызнаў дыскрымінацыю Інгі Абрамавай і запатрабаваў ад беларускага ўраду даць ёй належную кампенсацыю.

У гэтым жа рашэнні ёсць агульныя заўвагі, якія трэба выканаць, каб ліквідаваць дыскрымінацыю зняволеных жанчын. Сярод іншага – стварыць для жанчын умовы, каб яны маглі камфортна падтрымліваць асабістую гігіену, замяніць мужчынскі персанал на жаночы, а таксама эфектыўна расследаваць заявы аб дыскрымінацыі.

Раман Кісляк паведаміў, што справа Інгі Абрамавай – першая і пакуль адзіная з краінаў СНД, разгледжаная ў камітэце.

belsat.eu

Стужка навінаў