Мінфін рэгіёнам: сёлета донарства не будзе


Міністр фінансаў Андрэй Харкавец зазначыў, што сёлетні бюджэт “выконваецца цяжэй”, таму мясцовым уладам не варта разлічваць на падтрыманне з рэспубліканскага бюджэту.

“Мясцовыя бюджэты сёлета адчуваюць сябе дастаткова камфортна, – сказаў журналістам Харкавец, – і ўсе без вынятку выконваюцца з прафіцытам і добрым запасам з гледзішча наяўнасці рэсурсаў для выканання сваіх абавязкаў. Хоць, безумоўна, у другім паўгоддзі ўзнікла большая патрэба, чым у першым, у выплаце заработнай платы, бо яна прырастае.

Мы бачым дзве праблемы, якія, напэўна, будуць абвастрацца на ўзроўні мясцовых бюджэтаў. Гэта праблемы, звязаныя з дастатковасцю фінансавання ў аплаце камунальных плацяжоў і забеспячэннем даўгавых абавязкаў мясцовых бюджэтаў. Калі кіраўнікі рэгіёнаў і фінансісты кампетэнтна і адказна падыдуць да фармавання і выкарыстання сваіх бюджэтных сродкаў, то гэтых рэсурсаў цалкам дастаткова, каб пазбегнуць правалаў для мясцовых бюджэтаў. Рэч у тым, што сёлета рэспубліканскі бюджэт выконваецца цяжэй, чым мясцовыя бюджэты, што звязана з праблемамі ў замежнаэканамічнай дзейнасці. Таму рэспубліканскі бюджэт з гледзішча забяспечанасці рэсурсамі сёлета не можа быць традыцыйным донарам для мясцовых бюджэтаў”.

Выдаткі дзяржаўнага бюджэту за 2011 г. склалі 51,95 трлн рублёў, або 99,7 % удакладненага гадавога плану. Фактычна бюджэт 2011 г. быў выкананы з перавышэннем даходаў над выдаткамі на 2,2 трлн рублёў, або 0,8 % да ВУП.

belsat.eu

Стужка навінаў