Новыя кошты: студэнты аплацяць усё, акрамя якасці адукацыі


Плата за вышэйшую адукацыю ў Беларусі вырасла другі раз ад пачатку 2012 г. Цяпер навучанне на дзённым аддзяленні БДУ каштуе $ 1,5 тыс. на год. Але наўрад ці гэта значыць, што і якасць адукацыйных паслугаў вырасла. За што ж студэнты будуць плаціць больш?

Адчуйце розніцу

За апошнія гады кошты навучання ў беларускіх універсітэтах растуць, як шалёныя. Гэтак, у БДУ яшчэ ў верасні 2010 г. дзённае аддзяленне ў сярэднім каштавала Br 5,22 млн, а ў чэрвені 2012 г. – ужо Br 12,7 млн.

Калі зыходзіць з новых лічбаў, то наш БДУ ацэньвае свае паслугі на $ 300 сціплей за галоўную ВНУ Польшчы – Варшаўскі ўніверсітэт. Там за год навучання на дзённым аддзяленні эканамічнага факультэту трэба заплаціць 6600 злотых, або $ 1882. Нашыя студэнты-эканамісты заплацяць $ 1540 на год. Пры невялікай розніцы ў цэнніках якасць адукацыі ў БДУ актыўна вымагае паляпшэння.

Сусветны рэйтынг ВНУ-2012 паставіў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на 843-е месца (368-е ў Еўропе). Варшаўскі ўніверсітэт у гэтым жа рэйтынгу займае 354-е месца (145-е ў Еўропе).

Дыплом як паслуга

Пра якасць адукацыі не выпадае гаварыць, калі ты атрымліваеш яе за бюджэтны кошт. Дзяржава цябе вучыць – будзь удзячны ды адпрацуй размеркаванне. Аднак сёння больш за палову студэнтаў вымушаныя аплачваць навучанне. І тут на першы план выступае не дабрачыннасць, а рынкавыя дачыненні.

Студэнт – гэта кліент, а ўніверсітэт – сервіс, установа, што аказвае адукацыйную паслугу за пэўную плату. То ці не надышоў час узважыць, наколькі якасць паслугі адпавядае яе кошту?

Беларускія ўніверсітэты пераацэньваюць кошт сваіх адукацыйных паслугаў – і наагул, у фармаванні коштаў чыннік якасці адукацыі не адыгрывае пэўнай ролі. Абсурдна, але так і ёсць. Такой думкі трымаецца эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, доктар педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

“Кліентам толькі так падаецца, што яны плацяць за якасць адукацыі, – і гэта слушна. Аднак менеджмент адукацыі, што цяпер існуе, пакуль гэтага ніяк не звязвае. Рынкавыя працэсы, фінансаванне ВНУ – гэта адно, а навучальны працэс, якасць адукацыі – гэта зусім іншае. Ёсць пэўная прагматыка – на выжыванне. Бо цяпер умовы існавання ўніверсітэтаў незайздросныя: скарачэнне бюджэтнага фінансавання, колькасці студэнтаў. І менеджары, якія прызвычаіліся кіраваць па-старому, яны фінансавыя праблемы закрываюць за кошт студэнтаў”, – кажа спадарыня Мацкевіч.

Універсітэты дагэтуль не паспелі сфармаваць новых крыніцаў фінансавання дзейнасці, акрамя як за лік бюджэту і студэнтаў. Такія крыніцы, як навуковая дзейнасць, грантавая дзейнасць, міжнароднае фінансаванне, не актуальныя ў нашых ВНУ. Таму менеджары аддаюць перавагу “даенню” студэнтаў.

Як “адбіць” сродкі?

Адпаведнасць коштаў навучання яго якасці – задача перадусім саміх кліентаў. Эксперт мяркуе, што ўніверсітэты трэба змусіць да гэтага.

“Грамадзяне, якія аплачваюць адукацыйную паслугу, мусяць разглядаць гэта сапраўды як паслугу, а сябе – як спажыўцоў. У адпаведнасці з законам аб абароне правоў спажыўцоў трэба ініцыяваць пазовы з прычыны нізкай якасці аплачанай паслугі. Аднак на сёння такіх прэцэдэнтаў няма”, – кажа Святлана Мацкевіч.

Перадусім тут прычынаю выступае мысленне студэнта: калі падаць у суд, то патрэбныя доказы нізкай якасці адукацыі, а якія гэта могуць быць доказы? На думку адмыслоўцы, давесці, што якасць адукацыі нізкая, студэнту і ягоным бацькам даволі складана, тут трэба звяртацца да экспертных службаў. А такіх незалежных структураў у нас няма. Дый падчас развіцця канфлікту ва ўніверсітэту заўсёды ёсць магчымасць пазбавіцца ад студэнта.

Самая вялікая праблема цяпер у тым, што дачыненняў паміж кліентамі ды вышэйшымі навучальнымі ўстановамі мы не можам пераносіць у прававое поле.

“Таму склалася сітуацыя, калі грамадзяне застаюцца функцыянальна неадукаваныя, а ВНУ паразітуюць на гэтым”, – даводзіць эксперт.

Як кажа Святлана Мацкевіч, застаецца спадзеў на рэформу ўсёй сістэмы – калі зверху будуць выбудоўвацца новыя дачыненні паміж грамадзянамі ды ўстановамі адукацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў