Балыкін «пойдзе да канца». Выбары застаюцца яблыкам разладу беларускай апазіцыі


Сваё сяброўства ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыпыніў уплывовы незалежны эканаміст і праўнік Сяргей Балыкін.

Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін прыпыніў да канца верасня сваё сяброўства ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, бо вырашыў удзельнічаць у парламенцкіх выбарах ды «ісці да канца».
{movie}Сяргей Балыкін пра прыпыненне сяброўства ў АГП|right|4875{/movie}
Балыкін зазначыў, што гэта вымушаны крок, бо ён цалкам падзяляе статутныя мэты і праграму АГП, аднак, будучы сябрам партыі, не можа балатавацца ў Палату прадстаўнікоў, куды паспрабуе прайсці ў якасці беспартыйнага кандыдата.

Удзел у несправядлівых выбарах «дзеля досведу»?

Прыпыніць сяброўства ў партыі Сяргея Балыкіна прымусілі тры прычыны: рашэнне партыі пра абмежаваны ўдзел у выбарах, жаданне пазбегчы непрыемных асацыяцыяў з былым кандыдатам на прэзідэнта ад АГП Яраславам Раманчуком і адсутнасць у апазіцыі ідэяў наконт развязання эканамічных праблемаў.

«Ні ў АГП, ні ў апазіцыі ў цэлым няма адказаў на самыя актуальныя пытанні, што датычаць праблемаў эканомікі Беларусі. Галоўным чынам усё абмяжоўваецца нейкімі не зусім прадуманымі лозунгамі без пэўных механізмаў іх рэалізацыі. І ўсе мае спробы змяніць гэтую сітуацыю, на жаль, пакуль скончыліся няўдачаю», – падкрэсліў эканаміст.
{movie}Сяргей Балыкін пра надзею на справядлівыя выбары|right|4874{/movie}
Паводле Балыкіна, ён выдатна разумее ўсю супярэчлівасць і заблытанасць беларускай выбарчай сістэмы ды не мае ніякіх ілюзіяў з гэтай прычыны, аднак перакананы ў неабходнасці ўдзелу ў выбарах, каб дамагчыся хоць нейкіх пераменаў і атрымаць неабходны вопыт. «Логіка развіцця палітычных працэсаў падказвае мне, што справядлівыя выбары ў канчатковым выніку калі-небудзь адбудуцца, і вось тады вопыт удзелу ў палітычных кампаніях можа аказацца неацэнным», – дадаў эканаміст.

Партыя ставіць на «спікераў»

Аб’яднаная грамадзянская партыя мае намер узяць абмежаваны ўдзел у выбарах. У якасці кандыдатаў вылучаць «спікераў» – людзей, якія данясуць да беларусаў пасланне АГП. Галоўная задача кандыдата-спікера – праінфармаваць як мага большую колькасць людзей. Спікеры знімуць свае кандыдатуры за пяць дзён да выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў