«Gazeta Wyborcza»: Знайшлі «беларускі катынскі спіс»


Польскае выданне «Gazeta Wyborcza», паведамляе, што ў расейскіх архівах знайшлі «беларускі катынскі спіс» з пералікам 1996 «ворагаў савецкай улады», якіх этапавалі ў Менск, пасля чаго іхныя сляды губляюцца. Раней улады Беларусі на афіцыйным узроўні заяўлялі, што такіх спісаў не існуе.

«Gazeta Wyborcza» у сваім артыкуле спасылаецца на расейскую даследніцу, прафесара Наталлю Лебедзеву, якая, паводле выдання, знайшла ў вайсковых архівах звесткі, што датычаць палякаў, арыштаваных ды вывезеных НКВД з турмаў у Берасці, Пінску, Баранавічах, Горадні ды Беластоку ў 1940 г.{movie}Ахвяры Катыні: кінахроніка|left|4871{/movie}

«Я перакананы, што гэта спіс прынамсі ў двух экземплярах. Адзін павінен быць у Маскве, другі – у Менску», – заявіў у інтэрв’ю выданню «Gazeta Wyborcza» Анджэй Кунэрт (Andrzej Kunert), сакратар Рады захавання памяці змагання і пакутніцтва.

Ахвярамі Катынскага злачынства былі не толькі палякі

Тэрмін «Катынскае злачынства» – зборны і азначае расстрэл увесну 1940 г. 21 857 польскіх грамадзянаў, якіх трымалі ў розных лагерах і турмах НКВД. У 1990 г. савецкі прэзідэнт Міхаіл Гарбачоў перадаў польскаму боку спіс 14 552 афіцэраў польскай арміі, расстраляных і пахаваных на тэрыторыі СССР: у Расеі (Катынь, Калінін і Меднае) і ва Украіне (Харкаў). У 1994 г. Украіна перадала Польшчы пайменны алфавітны спіс 3435 рэпрэсаваных – зняволеных у турмах заходніх абласцей УССР. {movie}Кузняцоў: Этапаваць у Менск = расстраляць (Аўдыё)|right|4869{/movie}

Гісторыкі сцвярджаюць, што афіцэраў польскага войска трымалі ды расстрэльвалі і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Да таго ж, паводле гісторыка Ігара Кузняцова, кожны трэці расстраляны ў Катыні нарадзіўся ў Беларусі.

«Гэты спіс, калі на графы паглядзець, напісана адкуль і куды этапуецца. Гэты спіс пацвярджае, што канечны пункт прызначэння – Менск, – гаворыць гісторык Ігар Кузняцоў. – А вось дакументу – рашэння «асобай тройкі» НКВД СССР з загадам расстраляць – няма і хутчэй за ўсё яго можа і не быць. Я ведаю нямала выпадкаў, калі расстрэльвалі толькі на падставе, напрыклад, спісаў «этапаваць у Менск». Этапавалі ў Менск і расстрэльвалі».

Менск аднекваецца

{movie}Лукашэнка: ніводнага паляка ў Беларусі не растралялі (Архіў)|right|4870{/movie}

«У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі не было знішчана ці расстраляна, у нас былі толькі перасылачныя пункты. Палякі, што праходзілі праз іх, канцэнтраваліся ў асноўным у Расеі і, магчыма, ва Украіне», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі ў снежні 2011 г. Аднак незалежныя гісторыкі цвердзяць, што гэтая заява – хлусня.

Дакументы пра расстрэлы маглі згубіць, засакрэціць або знішчыць, але тое, што на тэрыторыі Беларусі расстрэльвалі жаўнераў Польскага войска, у польскіх гісторыкаў сумневаў не выклікае.

belsat.eu

Стужка навінаў