Адмовілі ў памяшканні, бо "шмат тэлефануюць"


Ад паказу дакументальных фільмаў “Белсату” адмовіўся дырэктар “Гістарычнай майстэрні”, што працуе пад крылом Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў (Johannes Rau). Сузаснавальнік цэнтру – Менгравыканкам. У “Гістарычнай майстроўні” прайшло 15 паказаў, пакуль яго дырэктару не пачалі званіць “адтуль” ды задаваць пытанні з падтэкстам.

Інстынкт самазахавання

20 чэрвеня ў сценах “Гістарычнай майстроўні”адбылося 15-е і апошняе паседжанне кінаклубу “Невядомая Беларусь” – адмысловага праекту Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў. Такое рашэнне прыняў кіраўнік клубу, гісторык Ігар Кузняцоў. Ён праінфармаваў удзельнікаў клубу пра прычыны, з якіх паседжанні не могуць больш адбывацца пад дахам установы.

Як патлумачыў службе інфармацыі “Белсату” спадар Кузняцоў, рашэнне прынялі, каб абараніць працаўнікоў вялікай арганізацыі ад магчымых рэпрэсіяў з боку ўладаў. Гісторык не хоча, каб людзі згубілі працу.

Дамова з дырэктарам “Гістарычнай майстроўні” Кузьмой Козакам была на паказ 20 чэрвеня двух фільмаў: “Лінія Сталіна: гонар ці ганьба?”, а таксама стужкі “Лінія Сталіна: Гомельскі рэгіён”. Абодва фільмы – “Белсату”. Учора ўвечары праз тэлефон Кузьма Козак паведаміў Ігару Кузняцову, што фільмы не адпавядаюць тэматыцы “Гістарычнай майстроўні”.

“Аднак кінаклуб працуе 1,5 года, ды там былі розныя фільмы: і пра рэпрэсіі, і пра Сталіна. І ніколі не ўзнікала такой праблемы, а тут нечакана яна з’явілася”, – расказвае гісторык Ігар Кузняцоў.

Дырэктар “Майстроўні” апавёў і пра другую, больш праўдзівую прычыну забараняць прагляд дакументальных стужак. “Тэлефануюць, запытваюцца, і гэта выклікае падазрэнні”, – перадае словы Кузьмы Козака гісторык.

На думку Кузняцова, спрацаваў інстынкт самазахавання. Невядома, хто даў гэтую каманду, з якога ўзроўню, але скрайні пакуль што дырэктар Козак.

Дзякуй і бывай

“Я кажу дзякуй, што 15 разоў мы там збіраліся, што мелі магчымасць глядзець фільмы. Але я не маю маральнага права пад пагрозу ставіць тых, хто там працуе. На гэтым кінаклуб не памірае, мы пераедзем у іншае месца”, – паведаміў кіраўнік клубу.

Прагляд запланаваных на гэтую сераду фільмаў адбыўся пад дахам адной апазіцыйнай партыі.

Не выключэнне, а правіла?

У красавіку Ігар Кузняцоў запрасіў на паседжанне кінаклубу прадстаўніка місіі ЕЗ у Беларусі спадара Рышара. Паводле Кузняцова, Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр і “Гістарычная майстроўня” ўзнялі шум: “Ды вы што, вы хочаце, каб нас закрылі?!” Гэтае здарэнне выцекла ў абавязак падаваць на ўзгадненне спісы фільмаў ды асобаў, што плануе паказваць ды запрашаць Кузняцоў.

У траўні Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр сарваў правядзенне кангрэсу Асамблеі НДА (аб’яднанне няўрадавых арганізацыяў), скасаваўшы папярэднюю дамову на арэнду ў іх памяшкання. Арганізатары былі вымушаныя адмяніць сустрэчу.

belsat.eu

Стужка навінаў