У Гомлі ўлады скупляюць акцыі “Спартака”, каб апярэдзіць расейцаў?


Гомельскі аблвыканкам 20 чэрвеня пачаў масавую куплю ў насельніцтва акцыяў аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў “салодкай” галіны краіны – ААТ “Спартак”. У той жа час рэспубліканскія ўлады рухаюцца адваротным курсам – на народную прыватызацыю. Што стаіць за супярэчлівымі дзеяннямі правай ды левай рук, разважае эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

“Дольчэ віта” для ўлады

З 20 чэрвеня да 17 верасня 2012 года Гомельскі аблвыканкам будзе набываць у насельніцтва акцыі беларуска-амерыканскага прадпрыемства “Спартак”. Агулам плануецца купіць 22,6 тысячы акцыяў коштам Br 120 тыс. За гэты аб’ём каштоўных папераў мясцовыя ўлады мусяць заплаціць $ 323 тыс.

У Фондзе абласной маёмасці паведамляюць, што аблвыканкам мае такія сродкі. “Грошы ў аблвыканкаме ёсць, прынамсі, ад прыватызацыі сёлета паступіла не меней за Br 8 млрд (амаль $ 1 млн. – “Белсат”). Для чаго гэта робіцца? Можна сказаць, у агульных рысах, гэта прыняцце нейкага кіроўнага рашэння. Фонд сёння выступае толькі арганізатарам гэтай куплі. А набываць будзе ўжо аблвыканкам”, – паведаміла службе інфармацыі “Белсату” Кацярына Зінкевіч.

Калі купля акцыяў скончыцца, аблвыканкам зможа ўдзельнічаць у кіраванні прадпрыемствам ў той ступені, наколькі вялікаю доляй акцыяў ён будзе валодаць. А 22 тысячы акцыяў, якія мяркуюць набыць улады, – гэта адносна малая доля каштоўных папераў.

У чым падвох

Насельніцтва выказвае недавер да прапановы ўладаў. Маўляў, скупяць за мізэрны кошт, а потым вартасць акцыяў вырасце разоў у дзесяць. Ці магчыма, што мясцовыя ўлады маюць на мэце абдурыць акцыянераў, каментуе эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

На меркаванне эксперта, ёсць два варыянты, для чаго гэта робіцца. З аднаго боку, улады хочуць проста ўкласці свабодныя грошы. З другога, існуе верагоднасць, што гэта адмысловая захада, каб абараніць маёмасць ад імаверных рэйдарскіх захопаў, прынамсі, з расейскага боку.

І праўда, на фоне дэклараванай прэзідэнтам народнай прыватызацыі супрацьлеглыя дзеянні гомельскіх уладаў выклікаюць падазрэнні. Да таго ж працэсы адбываюцца ў кантэксце канфлікту паміж Лукашэнкам ды расейскім амбасадарам Сурыкавым. Другі навязвае прыватызацыю беларускага дабра, а першы адмаўляецца рабіць гэта на расейскіх умовах.

“Хутчэй за ўсё, гэта і ёсць перадухіленне спекуляцыйнага продажу акцыяў. Узімку ў Берасці быў скандал, калі ў акцыянераў панчошнага камбінату, звычайных фізічных асобаў, выкуплялі акцыі па адной цане, а потым кошт на паперы раптоўна ўзляцеў, калі пакет сканцэнтраваўся ў інвестара. І там ледзьве не да рэвалюцыі дайшло. Магчыма, далі каманду аблвыканкамам умяшацца ў дзейнасць фондавага рынку праз выкуп гэтых акцыяў. Але я крыху здзіўлены, што яны пачалі варушыцца”, – тлумачыць дзеянні ўладаў спадар Сінкевіч.

У Крамля растуць апетыты

Эканаміст Сінкевіч адзначае, што, паводле інфармацыі шматлікіх бізнесоўцаў, у прадстаўнікоў буйных інвестыцыйных крамлёўскіх кампаніяў растуць апетыты на беларускія прадпрыемствы. Не трэба забывацца, што пасля неблагой народнай прыватызацыі заводу пеністых вінаў беларускі бок запланаваў распродаж акцыяў прадпрыемстваў “салодкай” сферы.

Эксперт прагназуе, што хутка Беларусі пачнуць выкручваць рукі, каб прыватызацыя праходзіла на карысць Расеі. І прыклад Гомля можа значыць, што ўлады шукаюць нестандартныя захады, каб перагуляць суседа чарговы раз.

belsat.eu

Стужка навінаў