У Маскве пратэставалі ля будынку, дзе судзяць удзельніц “Pussy Riot”


Расейская паліцыя арыштавала некалькіх пратэстоўцаў, якія сабраліся ля будынку суда, дзе адбываецца працэс над трыма ўдзельніцамі скандальнага панк-гурта “Pussy Riot”. Пратэстоўцы перыядычна скандавалі: “Свабода”, – а мужчыну, які з’явіўся з плакатам “Цемрашальства, пазнай закон!”, асвісталі.

Дзяўчыны з “Pussy Riot”, правялі 21 лютага ў маскоўскай царкве Хрыста Збаўцы адмысловы “панк-малебен”. Яны прасілі Дзеву Марыю “прагнаць Пуціна” і “стаць феменісткаю”. Гэткім чынам яны абразілі рэлігійныя пачуцці некаторых вернікаў і кіраўніцтва Праваслаўнай царквы. У гэтай справе арыштавалі Надзею Талаконнікаву, Марыю Алёхіну і Кацярыну Самуцэвіч, якім паводле артыкулу 213 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу РФ пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Абразілі праваслаўных ці палітыка?

Аляксандр Шведаў, прадстаўнік інтэрнэт-руху “Хрысціяне за міласэрнасць”, прыйшоў на дэманстрацыю, каб прасіць літасці для ўдзельніц “Pussy Riot”: “Мне сапраўды не падабаецца тое, што яны зрабілі. Я разумею крыўду, якую выказваюць некаторыя хрысціяне, і ў той жа час мы мусім дараваць. Сам Хрыстос на крыжы маліўся за сваіх ворагаў: “Божа, даруй ім, бо яны не ведаюць, што робяць”. Таму я прашу ў суддзі літасці”.

Адвакат арыштаваных Марк Фейгін перакананы, што разгляд справы – палітычна матываваны. Калі Еўрапейскі суд правоў чалавека, куды склалі апеляцыю, прыме рашэнне аб абскарджанні справы, то адвакат збіраецца накіраваць прашэнне аб візавым абмежаванні для суддзяў.

У красавіку міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” прызнала ўдзельніц панк-гурта “Pussy Riot” вязніцамі сумлення і запатрабавала тэрмінова іх вызваліць.

У сваю чаргу былы прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўдзельніцы “Pussy Riot” атрымалі “дакладна тое, на што разлічвалі”. На пытанне, ці мае ён на ўвазе турэмнае зняволенне, Мядзведзеў адказаў: “Папулярнасць”.

belsat.eu

Стужка навінаў