У парламент будзем выбіраць не кандыдатаў, а партыі?


Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі заявіў, што ў грамадстве абмяркоўваецца пераход з мажарытарнай на прапарцыйную або змешаную сістэму.

Міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі прызнаў, што ў краіне слаба развітая палітычная сістэма. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанне пра пераход на іншы від выбарчай сістэмы падчас онлайнавай канферэнцыі, паведамляе «БелаПАН».

У прыватнасці, Сліжэўскі адзначыў, што ў грамадстве ідуць дэбаты і абмяркоўваецца пытанне, ці варта пераходзіць з мажарытарнай на прапарцыйную або змешаную сістэму, пры якіх выбарнікі будуць галасаваць не за канкрэтнага кандыдата, а за пэўную палітычную партыю. Тады ў парламент пройдуць прадстаўнікі партыяў, колькасць якіх будзе залежаць ад адсотку галасоў, аддадзеных за тую ці іншую партыю.

Беларускі міністр заявіў, што ў Беларусі апраўдала сябе існая мажарытарная сістэма. Сліжэўскі падкрэсліў, што пры ўвядзенні прапарцыйнай або змешанай сістэмы «грамадзянін не заўсёды ўжо будзе ведаць, хто персанальна трапіць у парламент». Каб такая сістэма дзеяла, падкрэсліў чыноўнік, «партыі павінны мець рэальнае сацыяльнае падтрыманне».

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што пераход з мажарытарнай выбарчай сістэмы будзе нявыгадны для ўладаў Беларусі. Эксперт заўважае: «Партыі з’явіліся ў Еўропе, калі паўстаў орган народнага прадстаўніцтва – парламент – і пачалі праводзіць выбары. У Беларусі нічога гэтага няма». Паводле палітолага, у нашай краіне партыі слаба распазнавальныя сярод насельніцтва. Пры гэтым беларусы больш ведаюць пра дзейнасць апазіцыйных партыяў, чымся праўладных.

«У беларускай сістэме існаванне партыяў не патрэбнае, – дадаў Карбалевіч. – Варта здзіўляцца не таму, што партыі карыстаюцца малым падтрыманнем, а таму, што партыі ўвогуле існуюць».

belsat.eu

Стужка навінаў