Як выглядае працоўны дзень агента?


Тайныя агенцтвы свету падзяліліся сакрэтамі майстэрства.

Таямніцам сусветнага шпіянажу прысвечаная выстава ў музеі «Discovery Times Square» у Нью-Ёрку, якая будзе доўжыцца да траўня 2013 г.

Артэфакты для экспазіцыі збіралі ЦРУ, ФБР і Нацыянальная ўправа ваенна-касмічнай выведкі ЗША. Выстава дае зразумець, як выглядае працоўны дзень агента, тлумачыць Карл Крыка, кіраўнік службы маркетынгу выстаўнага комплексу «Discovery Times Square».

Гэта першы публічны паказ аўтэнтычных прыладаў сакрэтных агентаў і шпіёнаў, дзякуючы якім былі раскрытыя самыя вядомыя злачынствы і крымінальныя загадкі нашых часоў. Болей за 10 тыс. прадметаў пазычыў для экспазіцыі Эйч Кіт Мэлтан (H. Keith Melton), аўтар шматлікіх кніг пра шпіянаж. Іншыя экспанаты перадалі вядучыя тайныя агенцтвы свету.

Беспілотная страказа

Беспілотны лятальны апарат у выглядзе страказы (insectothopter) прыдумала ЦРУ ў 1970-я. Праўда, ноў-хаў не вытрымала канкурэнцыі з моцным ветрам. Затое натхніла вынаходнікаў мініплатформаў для шпіёнскіх відэакамераў і аўдыясэнсараў.

Укол парасонам

Такім парасонам у 1978 г. балгарскія спецслужбы забілі свайго суайчынніка дысідэнта Георгія Маркава. Апошні ўцёк з радзімы, ажаніўся з англічанкаю і ўладкаваўся на «Бі-бі-сі». Аднойчы ідучы з працы да свайго аўтамабіля і мінаючы натоўп людзей на прыпынку, ён спатыкнуўся аб чыйсці парасон і адчуў укол. Чалавек з парасонам папрасіў прабачэння і з’ехаў. Ужо на наступны дзень ён пачуўся кепска і праз некаторы час памёр. Пры ўскрыцці ў назе знайшлі металічную капсулу з атрутаю – рыцынам.

Чаравікі для амбасадара

Чаравікі з падслухоўвальным прыстасаваннем. У 1960-я амбасадар ЗША ў Чэхаславаччыне замовіў на радзіме чаравікі. Чэхаславацкія спецслужбы перахапілі груз і ў выніку дыпламат атрымаў пару з убудаваным у абцас «жучком».

Галубы-агенты

Шпіёнам дапамагалі галубы. Навукоўцы дагэтуль не высветлілі, якім чынам птушкі знаходзяць дакладны зваротны шлях. Адныя кажуць, што яны запамінаюць пах. Іншыя сцвярджаюць, што галубы маюць убудаваны компас, які дапамагае ім арыентавацца ў парсторы.

{movie}Лазерная сетка для шпіёнаў на выставе ў Нью-Ёрку|left|4846{/movie}Лазерны лабірынт

Вялікаю папулярнасцю карыстаецца інтэрактыўная лазерная сетка (laser web), якую так любяць паказваць у галівудскіх фільмах. Выстаўны лазерны лабірынт зроблены для дзяцей, якія паспрабуюць пракрасціся праз яго без адмысловых сэнсараў.

belsat.eu
https://youtu.be/Ub1T_0LqvQw

Глядзі таксама
Каментары