Праваабаронца сам збіраў доказы ў справе скаргаў, каб давесці, што ён не “казёл”


Суд аб скарзе кіраўніка юрыдычнай службы праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Гары Паганяйлы ў справе ўлучэння яго ў спісы невыязных перанеслі на 22 чэрвеня. Справа магла развязаца ўжо сёння, аднак прадстаўнік МУС на паседжанне проста не прыйшоў.

Скаргу разглядае суд Маскоўскага раёну Менску, працэс вядзе суддзя Вольга Гуcакова.

“Хаця дзеянні па маіх скаргах мусілі распачаць чыноўнікі тых міністэрстваў і ведамстваў, куды я іх накіроўваў, – паведаміў Паганяйла, – мне самому давялося збіраць доказы сваёй невінаватасці, пацвярджаць тыя акалічнасці, што я – не “казёл”. Я сабраў з судоў агульнай юрысдыкцыі, гаспадарчых судоў і ўпраўленняў юстыцыі звесткі, з якіх вынікала, што ніводзін суд Беларусі не прымаў у дачыненні мяне мервў у выглядзе часовай забароны на выезд за межы краіны, і адпаведныя звесткі не падаваў у ведамасны банк звестак Міністэрства юстыцыі. І, адпаведна, Мінюст не падаваў такіх звестак у МУС, дзе я фігурую як асоба, абмежаваная ў правах на выезд”.

Паганяйла нагадаў, што ў сваіх публічных выступах кіраўнік дзяржавы не раз казаў пра спіс невыязных апазіцыянераў і праваабаронцаў, якія ўнесеныя ў яго як пакаранне за тое, што патрабуюць ужываць санкцыі да Беларусі. “Гэта меркаванні грамадзянаў, якія могуць крытыкаваць урад, што не супярэчыць Канстытуцыі ды законам краіны, – заяўляе праваабаронца. – Тыя грамадзяне і суб’екты гаспадарання, што трапілі пад санкцыі заходніх краінаў, маюць магчымасць абскардзіць гэтыя дзеянні ў замежных судах. Аднак яны гэтага не робяць, спрабуючы ў ідэалагічным, палітычным плане выкарыстаць санкцыі як пудзіла, як тлумачэнне няўдачаў унутры краіны, у тым ліку і эканамічных”.

belsat.eu
https://youtu.be/ouASxV7K6mQ

Глядзі таксама
Каментары