ЦВК шкадуе назіральнікаў з АБСЕ і сумняецца, ці альтэрнатыва на выбарах ёсць добраю рэччу


На сённяшнім паседжанні сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паінфармаваў, што насамрэч сотні назіральнікаў ад АБСЕ былі пад уражаннем ад узроўню правядзення і дэмакратычнасці прэзідэнцкіх выбараў.

Аднак, “У АБСЕ выніковыя справаздачы пішуцца не самімі назіральнікамі, а чыноўнікамі, якія ажыццяўляюць гэтыя функцыі ў кабінетах”. Лазавік шкадуе, што Беларусь не мае “рычагоў абаротнага ўплыву на назіральнікаў. Калі ў межах СНД прынятая канвенцыя аб крытэрыях правядзення назірання, то ў АБСЕ такога дакументу няма. Часам нас ставяць перад фактам, што ў справаздачы сітуацыя адлюстравана інакш, аднак паўплываць на гэта не можам”, – падзяліўся сакратар ЦВК.

Лазавік таксама заявіў, што кіраўніцтва АБСЕ “выкідае пазітыўныя справаздачы назіральнікаў“, і пашкадаваў тых, хто даў пазітыўную ацэнку беларускім выбарам.

Ці патрэбная альтэрнатыва?

Пасля паседжання старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што камісія падрыхтаваная да другога туру выбараў нават на 50 % выбарчых участкаў. Усё будзе залежыць ад колькасці зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Пры гэтым Ярмошына адзначыла, што “альтэрнатыва – гэта няблага, аднак, з іншага боку, гэта не дае магчымасці выбарніку вызначыцца ў першым туры”.

Таксама на сённяшнім паседжанні ЦВК прыняла дакументы аб парадку накіроўвання і акрэдытацыі нацыянальных і замежных назіральнікаў на парламенцкіх выбарах, якія пройдуць 23 верасня.

belsat.eu

Стужка навінаў