Супрацоўнікаў “Белсату” асудзілі (абноўлена)


Таццяну Бублікаву і Цімафея Каспяровіча – незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”, – затрымалі АМАПаўцы ў нядзелю падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на плошчы Незалежнасці.

Таццяну Бублікаву асудзілі на 10 дзён арышту. Цімафея Каспяровіча – на 12. Каля 1-й гадзіны ўначы 21 снежня Цімафей даслаў СМС: “Зноў на Акрэсціна – у машыне сядзім. Ім, падобна, няма куды нас везці. Ежы і вады не давалі ад пачатку”. Дзесяць гадзінаў пасля суду іх вазілі у аўтазаку, шукаючы вольныя месцы ў турмах. Уначы з Жодзіна зноў прывезлі ў Менск.

Асобна затрымалі кіраўніка моўнай службы “Белсату” Змітра Саўку, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту. Змітра Саўку асудзілі на 15 дзён арышту.

Міліцыя пабіла аператара Алеся Баразенку, які быў сведкам нападу на кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева. Журналісту знішчылі тэлекамеру.

Іншай журналістцы “Белсату” патэлефанавалі з пагрозамі. Незнаёмы мужчына сказаў: “Яшчэ заплаціш горкімі слязьмі, сука”, – і кінуў слухаўку.

Пераапранутыя ў цывільнае адзенне спецслужбоўцы спрабавалі затрымаць супрацоўніка “Белсату” Івана Шульгу. Журналіст не ўпусціў іх у кватэру. Івана Шульгу затрымлівалі ў лютым 2010 г. і тады асудзілі на 10 дзён арышту.

Журналістам патрэбная вашая салідарнасць. Заахвочваем дасылаць паштоўкі і лісты на адрасы:

Зміцер Саўка, утрымліваюць у СІЗА ў Жодзіна, адрас г. Жодзіна, вул. Савецкая 22а

Таццяну Бублікава, Напісала ў Твітэры, што знаходзіцца ў СІЗА Мінскага раёна. Адрас: г. Мінск, вул. Скарыны 20

Цімафей Каспяровіч, Знаходзіцца ў спецпрыёмніку Акрэсціна. Адрас: 220089, г. Мінск, зав. Акрэсціна 36

Стужка навінаў