Дашкевіч пабачыў неба над галавою


Зняволенага лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча перавялі з памяшкання камернага тыпу ў атрад глыбоцкай калоніі № 13.

“Ад пачатку адбывання пакарання Дашкевіч не выходзіў са штрафных ізалятараў і памяшканняў камернага тыпу. Гэтак адбылося ў калоніі № 9 у Горках. Яго змяшчалі ў ШІЗА раз за разам – за тое, што ён патрабаваў нармальных умоваў утрымання. Яму там нават прыйшлося абвесціць галадоўку, пасля чаго яго перавялі ў глыбоцкую калонію”, – распавяла намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка.

У калоніі ў Глыбокім Дашкевіча пасля ягонай заявы аб пагрозе жыццю і здароўю спачатку трымалі ў адзіночнай камеры, потым змясцілі ў штрафны ізалятар, затым – у памяшканне камернага тыпу, працягвае Палажанка. “Такім чынам, за паўтара года Дашкевіч упершыню хаця б на адноснай волі, мае магчымасць паглядзець на неба над галавою”, – сказала яна.

Пакуль невядома, якую працу Дашкевіч выконвае ў атрадзе.

Змітра Дашкевіча разам з актывістам “Маладога фронту” Эдуардам Лобавым затрымалі ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 г., і прызналі вінаватымі ў збіванні двух менчукоў. 24 сакавіка 2011 г. суд прыгаварыў Дашкевіча да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

belsat.eu

Стужка навінаў