Асуджаны міліцыянт замест нараў сядзіць на канапе


Чатыры месяцы таму маёр міліцыі Дзінас Лінкус быў асуджаны на 4 гады калоніі, але да яе брамы пакуль не дайшоў. Замест нараў ён сядзіць дома на канапе. Як такое беззаконне стала магчымым – каментуе праваабаронца і Лінкусаў “мсцівец” Павел Левінаў.

Кар’ерныя дасягненні

Міліцэйскі маёр Дзінас Лінкус трапіў на лаву падсудных у Горадні. Там ён збіў свайго падначаленага на пяты дзень працы на новай пасадзе – начальніка дэпартаменту “Ахова” Міністэрства ўнутраных справаў. Пацярпелы падаў на Лінкуса ў суд.

Са сталіцы ў Горадню кіраўніцтва перавяло Лінкуса пасля таго, як міліцыянт дрэнна зарэкамендаваў сябе на працы ў Фрунзенскім РУУС Менску. На пасадзе намесніка начальніка ён рэгулярна станавіўся фігурантам скандальных здарэнняў. Яго падазравалі ў згвалтаванні. Год таму ён катаваў затрыманых палітычных актывістаў, у тым ліку Вольгу Карач і Валерыя Шчукіна.

Сведкам неадэкватнасці Лінкуса стаў і праваабаронца Павел Левінаў. На ягонае меркаванне, міліцыянт спрыяў таму, каб праваабаронцу абвінавацілі ў арганізацыі тэракту ў метро ў красавіку 2011 г.

З увагі на сукупныя “дасягненні” Лінкуса грамадзянская кампанія “Наш дом”, сябрамі якой ёсць названыя асобы, узяла справу на асаблівы кантроль.

Хатні арышт

Актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Валерый Шчукін паведамляе, што Дзінас Лінкус дагэтуль не трапіў за краты, хоць меўся там быць не толькі з моманту арышту, але і адразу пасля вынясення прысуду. У лютым Лінкус выйшаў з залы суда як свабодны чалавек і ў суправаджэнні жонкі накіраваўся дадому. Юрыдычна гэта называецца хатні арышт – мяркуецца, што такім чынам злачынца ў пагонах адбывае пакаранне. Пры гэткіх умовах два дні дома лічаць за адзін у калоніі.

У кампаніі “Наш дом” мяркуюць, што асуджаны міліцыянт яшчэ і разлічвае на амністыю.

Сістэма дала збой

Праваабаронца і кансультант Беларускага Хельсінкскага камітэту Павел Левінаў лічыць прыклад Лінкуса наўпроставым парушэннем Канстытуцыі, якая кажа, што перад законам усе роўныя. А выходзіць, існуе хтосьці больш роўны.

У каментары службе інфармацыі “Белсату” спадар Левінаў правёў паралель са справаю Сяргея Каваленкі, які не ствараў пагрозы для грамадства, але да суда і падчас яго ўтрымліваўся пад вартаю за кратамі. Дый дагэтуль ён адбывае пакаранне. У выпадку міліцыянта Лінкуса, які рэгулярна ствараў пагрозу для людзей, – усё наадварот.

“Я зусім не здзіўлюся, калі спадар Лінкус наагул пазбегне пакарання, – кажа Павел Левінаў. – Сістэма дала збой. Пасадзіць на лаву падсудных працаўніка МУС практычна немагчыма, бо ў іх тысячы хітрыкаў”.

А з іншага боку, Дзінас Лінкус не такі важны для сістэмы персанаж, каб толькі з увагі на імідж хаваць яго ад калоніі. На меркаванне праваабаронцы, у міліцыянта ёсць заступнікі. Ён задзеяў усе рычагі ўплыву, каб палепшыць свой лёс, звярнуўся да ўплывовых знаёмцаў.

“Спадзяюся даслаць яму ліст у калонію”

Хто адказвае за тое, што прызнаны судом злачынца сядзіць дома на канапе ў атачэнні сям’і, а не працуе рыдлёўкаю на зоне, як гэта рабілі ды робяць палітзняволеныя? Пракурор, суддзя, Камітэт дзяржкантролю? Павел Левінаў наракае на грамадства, якое не цікавіцца такімі справамі і дазваляе тым, хто пры ўладзе, парушаць закон. Аднак ён спадзяецца, што ў яго будзе магчымасць даслаць Лінкусу ліст у калонію.

“Год таму ён усяляк спрабаваў падвесці мяне пад смяротны прысуд. А такога я не хачу сціраць з памяці”, – кажа спадар Левінаў. У 2011 г. праваабаронцу спрабавалі абвінаваціць у датычнасці да тэракту ў метро.

belsat.eu

Стужка навінаў