Дапамога беспрацоўнаму ў 8 разоў меншая за мінімальны спажывецкі бюджэт


Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў Менску складае Br 181,4 тыс., паведамляе камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму. Але нават паводле дзяржаўных нормаў, каб выжыць, працаздольны беларус мусіць штомесяц мець у кішэні не менш за Br 1,5 млн.

Мінімальны спажывецкі бюджэт уключае ў сябе выдаткі на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслугаў. Ён складаецца пры ўдзеле Міністэрства працы і зацвярджаецца на заканадаўчым узроўні. Паводле чыноўнікаў і парламентарыяў, Br 1,484 млн дастаткова для працаздольнага чалавека, каб «задаволіць асноўныя фізіялагічныя і сацыяльна-культурныя патрэбы».

Пры гэтым на харчы, паводле разлікаў, сыходзіць ажно 55 % бюджэту. Зыходзячы з гэтых нормаў, менскаму беспрацоўнаму дзяржаўнай дапамогі хопіць толькі на ежу і толькі на… адзін тыдзень. Такую дапамогу ў студзені-траўні атрымлівалі 3019 чалавек.

З пачатку 2012 г. у Менску зарэгістравалі прыкладна 83 тыс. зваротаў спаборнікаў на атрыманне працы да электроннага банку вакансіяў у аддзелах працаўладкавання і прыкладна 4,7 млн – да электроннага банку вакансіяў на сайце Менгарвыканкаму. Найбольш запатрабаваныя спецыялісты ў сталіцы – кіроўцы аўтамабіляў, кандуктары і медыцынскія сёстры.

belsat.eu

Стужка навінаў