Залескі пра заробкі: Беларусь – гэта краіна, у якой PR перамог


Эканаміст кажа, што сярэдні заробак – гэта штучная лічба, якая ні пра што не гаворыць.

Учора, 15 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да ўлюбёнай тэмы – сярэдніх заробкаў па 500 долараў. Прымаючы з дакладам кіраўніцу Нацбанку Надзею Ермакову, ён чарговы раз заявіў, што беларуская эканоміка ў стане забяспечыць гэтую лічбу.

Заробак 700 долараў, і каб жалезна

Кіраўнік Беларусі заўважыў, што ў Менску на прадпрыемствах ужо зарабляюць амаль столькі. Таму прыватнікі, паводле яго, мусяць дасягнуць сёлета сярэдняга заробку 700 долараў. Ну, а дзяржаўныя прадпрыемствы – падцягнуцца да ўзроўню сталічных. Усё гэта “жалезна мусіць быць выканана”.

“…Паўстае пытанне: чаму сёння амаль усе кіраўнікі, спецыялісты, менеджэры прыватных прадпрыемстваў на “Мерседэсах” раз’язджаюць? Што, грошай няма ў фірмы, каб заплаціць людзям нармальную зарплату? Ёсць. Няхай прадаюць “Мерседэсы” і плацяць людзям заробак”, – патрабуе прэзідэнт. Эканаміст Міхал Залескі заўважае, што прадпрымальнікам нявыгадна павышаць заробкі, бо вырастуць падаткі.

{movie}Міхал Залескі пра сярэдні заробак у Беларусі|left|4797{/movie}Якія паказнікі кажуць пра рэальныя прыбыткі насельніцтва?

Сярэдні ж заробак, паводле Залескага, – гэта такі ж паказнік, як сярэдняя тэмпература па палаце: “Можна ўзяць медыянны заробак – гэта калі мы ўсе зарплаты выраўняем у лінарачку ад меншай да большай і возьмем сярэднюю. Яна будзе меншаю за 500 долараў. А можам па групах разбіць, і тая група, якая самая вялікая будзе, вось тут паглядзець. Яна таксама будзе не 500 долараў”.

Таму павышэнне, можа, і адбудзецца, але хутчэй за ўсё – толькі на паперы, дзякуючы “чыстым аперацыям з лічбамі”. “Бо мы ўжо жывем у краіне, у якой PR перамог”, – тлумачыць Міхал Залескі.

belsat.eu

Стужка навінаў