Гомельскі лядовы палац здаюць у арэнду


У Гомлі ўлады хочуць хоць нешта зарабіць на стратным для бюджэту лядовым палацы. Каб пакрыць частку выдаткаў на ўтрыманне аграмадзіны, гарвыканкам прапаноўвае прадпрымальнікам арэндаваць “нелядовыя” плошчы пад бізнес.

Аддзел фізкультуры, спорту ды турызму Гомельскага гарвыканкаму шукае прадпрымальнікаў, якія жадаюць весці бізнес у пустых холах гарадскога лядовага палацу. Яго пабудавалі 12 гадоў таму і рашэннем выканкаму перадалі на адказнае кіраванне дзіцячай спартовай школе № 5.

Пакуль горад шукае дадатковых сродкаў на палац, лёд на дзвюх яго арэнах размарожаны. Як паведамілі ва ўстанове службе інфармацыі “Белсату”, да пачатку жніўня ніякага масавага коўзання не будзе, бо “вядуцца прафілактычныя работы”.

Агульная плошча гомельскага збудавання 22,7 тыс. м.кв. Толькі электраэнергіі спаруда спажывае больш як на 300 мільёнаў ($ 35 тыс.) за месяц. Выплата заробкаў персаналу і абслугоўванне будынку ажыццяўляецца за кошт бюджэту. Пэўны прыбытак палац мае з платных паслугаў насельніцтву – з коўзання на каньках, з працы спартовых секцыяў, з саўны і басейну. Аднак усё гэта разам з продажам квіткоў на хакейныя спаборніцтвы не пакрывае выдаткаў на ўтрыманне палацу.

У Беларусі дзее 29 лядовых арэнаў, да 2014 года плануецца збудаваць яшчэ 23.

belsat.eu

Стужка навінаў