Беларусы пачалі купляць за мяжою дарагія карціны – нават па $ 500 тыс.


Беларусы з большым імпэтам прывозяць дадому прадметы мастацтва ды антыкварыят, чымся вывозяць сваё за мяжу. Ад пачатку года суайчыннікі навезлі арт-аб’ектаў на $ 1,2 млн, а вывезлі ўсяго на $ 16 тыс. Мы імпартуем дарагія карціны, а экспартуем калекцыі марак.

Імпартнае мастацтва

З-за мяжы нашы людзі цягнуць не толькі патрыманыя аўтамабілі ды таннейшае адзенне з тэхнікай. З пачатку 2012 года беларусы навезлі прадметаў мастацтва ажно на $ 1,2 млн. Прычым 2 невядомыя мастацкія творы з вялікай Брытаніі і склалі асноўны фінансавы цяжар імпартнага мастацтва.

“Белстат” палічыў, што ад пачатку 2012 года ў краіну прывезлі 24 карціны. Калі верыць статыстыцы, з Нямеччыны імпартавалі 4 працы, з Польшчы – 18 (іх агульны кошт склаў $ 200), а дзве мастацкія перліны завезлі з Вялікай Брытаніі.

Усе астатнія з увезеных аб’екты мастацтва выглядаюць дробяззю ў параўнанні з карцінамі з Брытаніі. Гэтак, беларусы завезлі з Літвы, Польшчы і Чэхіі 227 кілаграмаў розных дэкаратыўных вырабаў на суму $ 1,5 тыс. З Расеі ды ЗША – манетак ды калекцыйных экспанатаў на $ 11 тыс. агульнаю вагою 55 кг.

Гэтым папаўненне беларускай духоўнай скарбніцы вычэрпваецца.

Нашае набываюць расейцы

Арыгінал статуэткі за $ 8,2 тыс. – вось самы каштоўны прадмет мастацтва, што быў вывезены з Беларусі. Трапіў ён ў Расею. Туды ж з нашай краіны накіраваліся шчэ 7 карцінаў вартасцю $ 7,8 тыс. На 300 долараў расейцы набылі беларускіх дэкаратыўных вырабаў – 9 штук.

Папулярнасцю ў замежных калекцыянераў карыстаюцца нашыя маркі ды гербавая папера. Іх вывезлі ажно 3 кілаграмы коштам 300 долараў (Кітай, Расея, Чэхія).

Агулам з Беларусі экспартавалі мастацкіх прадметаў на $ 16,6 тыс.

belsat.eu

Стужка навінаў