Чарговыя баталіі па-за стадыёнам?


Нарэшце, сваё слова на “Еўра-2012” сказала і Беларусь. “Белавія” выклікалася раней за планаваны час накіраваць самалёт у польскую сталіцу, каб вывезці адтуль расейскіх заўзятараў, што пацярпелі ад рук мясцовых радыкалаў. Аднак у менскім аэрапорце нашыя аператары фанатаў так і не пабачылі.

Меўся быць амаль поўны самалёт “Белавіі” пацярпелых расейскіх заўзятараў, аднак яны або маскаваліся – нават у братэрскім Менску – або ўсё-такі засталіся на заўтрашні матч з грэкамі.

Геаграфічна ж сярэдзінныя беларусы, седзячы ў барах перад футбольнымі экранамі, разважаюць аб прыродзе футбольнай агрэсіі.

БЕЛАРУСКІЯ ЗАЎЗЯТАРЫ:
“Бо фанаты “Формулы-1” спакойна сядзяць а 6-й раніцы каля тэлевізара, і няма перад кім выяўляць агрэсію”.
“Іх проста не выхоўваюць”.
“Проста шмат фанаў. А там дзе больш людзей, там і больш праяваў. А так, футбольныя заўзятары – добрыя і выдатныя людзі”.

Нам бы яшчэ такую выдатную зборную. Пакуль жа мусім з экранаў назіраць за найлепшымі камандамі ды… рознымі заўзятарамі.

Беларускі авіяперавозчык нават працягнуў руку дапамогі пацярпелым расейцам і зрабіў адмысловы рэйс у заходнюю суседку.

Між тым у самой Польшчы, у Варшаве, каля гатэлю “Брыстал”, дзе дыслакуецца расейская зборная і любяць збірацца заўзятары гэтай каманды, усё спакойна і мірна. Нават празмернай колькасці аховы я не заўважыў. Як не сталіся сведкамі непрыемных эксцэсаў і самі заўзятары.

РАСЕЙСКІЯ ЗАЎЗЯТАРЫ:
“Я нічога не чуў. Усё нармальна”.
“Будзем тут, пакуль не пераможам”.

Мясцовыя ж улады заяўляюць: фанаты пакідаюць краіну – аднак толькі тыя, што баяцца патэнцыйных праблемаў з правасуддзем. Сёння паўсталі перад судом першыя затрыманыя тры дні таму за арганізацыю боек перад і пасля матчу зборных Польшчы і Расеі.

ВОЙЦЕХ МАЛЕК, ВАРШАЎСКІ РЭГІЯНАЛЬНЫ СУД:
“Збольшага гэта польскія грамадзяне, але таксама разглядаецца справа з удзелам чатырох расяянаў і аднаго вугорца”.

Але цярпелі падчас беспарадкаў пераважна расейцы. Цяпер яны прагнуць рэваншу. Заўтра матч з Грэцыяй у Варшаве – некалькі соцень радыкальных фанаў ужо накіраваліся ў Польшчу – паведамляе “Коммерсантъ”.

ВЫДАННЕ «КОММЕРСАНТЪ»:
“Хоць польскія ўлады не чакаюць паўтарэння масавых боек мясцовых фанатаў з расейцамі, самі яны падрыхтаваліся да лякальных сутычак у горадзе”.

Палякі ж рыхтуюцца – ды нават больш сур’ёзна, чым да папярэдняга матчу. Агулам польскую сталіцу наведаюць каля 20 000 расяянаў.

МАРЦІН ГЭРА, СТАРШЫНЯ «ЕЎРА-2012» У ПОЛЬШЧЫ:
“Для нас цяжэй лагістычна гарантаваць бяспеку. Але паліцыя падрабязна правярае кожную звестку пра магчымыя інцыдэнты”.

Іх напярэдадні ды пасля заўтрашняга матчу мае быць ужо менш.

Бо ў тым выпадку, калі і Польшча, і Расея выйдуць з групы – наступны шанец сустрэцца гэтыя каманды займеюць толькі ў фінале. А нават, калі так (у футболе магчыма ўсё), то гульня адбудзецца ў Кіеве.

Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў