Беларусы набылі спатканняў на Br 300 мільёнаў


Трыста мільёнаў рублёў пералічылі беларусы на рахункі віртуальнага праекту “Мае сэнс”, каб набыць спатканне з упадабаным чалавекам-лотам. Не ўсе сустрэчы заканчваюцца каханнем, аднак усе грошы кіраўнікі праекту пералічаюць на карысць дзіцячых дамоў, больніц, хоспісаў.

Купі спатканне – дапамажы дзецям

Круглую суму дабрачыннай дапамогі на 300 мільёнаў сабралі ўдзельнікі праекту “Мае сэнс” за 8 месяцаў дзейнасці. Праект уяўляе з сябе аўкцыён спатканняў з людзьмі-лотамі. Пасля рэгістрацыі можна выбраць упадабаную асобу і пазмагацца рублём за ейную ўвагу. Калі ты стаў пераможцам, то пералічы грошы на рахункі праекту – і нумар тэлефона вашага ўлюбёнца адкрыты.

Пра выкарыстанне сродкаў “Мае сэнс” робіць рэгулярныя справаздачы. Днямі, напрыклад, набылі для дзяцей-адмоўнікаў адной з менскіх больніцаў сродкі гігіены.

Яны супрацоўнічаюць з дабрачыннымі фондамі “Шанц”, “Планета дабрыні”, “Дотык да жыцця”, з грамадскімі арганізацыямі, з Магілёўскім дзіцячым хоспісам, дапамагаюць ладзіць дабрачынныя акцыі. “Мае сэнс” спрыяе хворым у аплаце аперацыяў за мяжою, дарагіх лекаў, матэрыяльна дапамагае дзіцячым дамам.

Колькі каштуе сустрэча

У праекце бяруць удзел беларускія знакамітасці. У рубрыцы “эксклюзіўныя лоты” пабывалі Ларыса Грыбалёва, спявак Герман Цітоў, удзельнікі гуртоў “Litesound”, “Akute”.

“Пераможныя” сумы могуць істотна адрознівацца. Гэтак, Наталля за перамогу ў аўкцыёне за Германа Цітова выклала 505 тысяч. А ёсць і не такія ўжо знакамітыя дзяўчаты, за спатканне з якімі хлопцы гатовыя заплаціць і 6 мільёнаў.

Існуе і рэйтынг дабрачыннасці, першыя пазіцыі ў ім займаюць тыя, хто пералічыў максімальныя сумы на карысць праекту. Найбольш пералічыў уладальнік “псеўданіма” Брус Ўіліс – 17 мільёнаў. 4-е месца займае Вольга, якая ахвяравала 12 мільёнаў. Дзяўчына тлумачыць свой учынак проста: “Я дапамагаю дзецям таму, што яны вартыя большага”.

belsat.eu

Стужка навінаў