Мядзведзеў загаварыў пра адзіную валюту


Еўразійскі эканамічны саюз мае паўстаць да 1 студзеня 2015 г., але думаць пра адзіную валюту трэба ўжо цяпер, лічыць прэм’ер-міністр Расеі.

Пра гэта Дзмітрый Мядзведзеў заявіў у Санкт-Пецярбурзе на бізнес-форуме, прысвечаным развіццю Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану і Расеі. Адною з патрэбаў увядзення адзінай валюты ён назваў нестабільнасць на глабальных рынках.

{movie}Дзмітрый Мядзведзеў пра адзіную валюту. Відэа government.ru|left|4782{/movie}Мядзведзеў дадаў, што пытаннем зоймецца экспертны савет бізнес-супольнасці, які будзе спрыяць эфектыўнаму ўзаемадзеянню паміж Еўразійскаю эканамічнаю камісіяй і нацыянальнымі ўрадамі. Сёння Мядзведзеў правёў сустрэчы са сваімі калегамі з Беларусі ды Казахстану, на якіх бакі абмеркавалі інтэграцыю трох краінаў.

Лукашэнка: Адсутнасць расейскага рубля – не катастрофа

Тым часам Аляксандр Лукашэнка на ўчорашняй сустрэчы з прэзідэнтам Башкартастану Рустэмам Хамітавым заявіў, што адсутнасць расейскага рубля ў якасці грашовай адзінкі Беларусі – не катастрофа.

Напярэдадні ў апублікаваным інтэрв’ю амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў згадаў пра неабходнасць вяртацца да пытання ўвядзення адзінай валюты. “Другога крызісу беларуская сістэма не перажыве”, – адзначыў ён.

Каментуючы ягоныя словы, кіраўнік Беларусі зазначыў, што за апошнія пяць гадоў кошты на энерганосьбіты выраслі ў пяць разоў, і эканоміка краіны гэта вытрымала. І яшчэ раз абвінаваціў у крызісе беларускага рубля грамадзянаў, якія напярэдадні павышэння мыта на аўтамабілі вывезлі ў Нямеччыну да $ 3 млрд, каб набыць “гэтае аўтасмецце”.

Вырулім праз ЭКЮ?

Сёлета на пачатку сакавіка старшыня Савету Рэспублікі, акадэмік Анатоль Рубінаў агітаваў за ўвядзенне ў Беларусі расейскага рубля – у артыкуле, надрукаваным у “Советской Белоруссии”.

У 2011 г. Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю праграме “Вести в субботу” з Сяргеем Брылёвым на тэлеканале “Россия” выказваў меркаванне пра адзіную валюту ў межах Еўразійскага саюзу. Тады ён разважаў, што праз грашовую адзінку, створаную паводле аналогіі з еўрапейскаю ЭКЮ, можна “выруліць і на расейскі рубель, калі ён будзе ўсім цікавы”.

belsat.eu

Стужка навінаў