Павал Усаў: Расея лічыць Беларусь сваёй уласнасцю


Крэмль заплюшчвае вочы на хітрыкі Лукашэнкі, бо мяркуе, што Беларусь і так трапіць у абдымкі Масквы.

Ці робіць Расея нешта проста так?

Расея лічыць Беларусь часткаю сваёй уласнасці, таму інвестуе грошы ў будучыню, якая будзе ёй належаць. Гэтак мяркуе палітолаг Павал Усаў, які выказаўся пра чарговы грашовы транш ЕўрАзЭС для Беларусі: «Расея ніколі нічога не робіць проста так, і калі даюцца такія буйныя сумы, то будуць чакацца адпаведныя крокі з боку Беларусі». {movie}Павал Усаў: Расея лічыць Беларусь часткай сваёй уласнасці|right|4780{/movie}

На сённяшні дзень гэтымі крокамі, паводле палітолага, выступаюць прыватызацыя буйных беларускіх прадпрыемстваў, стварэнне сумесных прадпрыемстваў з Расеяй (што па сутнасці азначае кантроль над беларускім бізнесам з боку расейскага), а таксама палітычныя крокі ў кірунку далейшай палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

«Салодкі беларускі пірог»

Паводле эксперта, у сённяшняй геапалітычнай сітуацыі Расея мяркуе, што Беларусі і так няма куды далей ісці, апроч як у абдымкі Расеі: «Таму яны не звяртаюць увагі на пэўныя хітрыкі з боку Менску, на спрэчную рыторыку Лукашэнкі, на падманы ў эканамічных адносінах, бо лічаць, што грошы траншаў з часам акупяцца значна большым і салодкім кавалкам беларускага пірага».

На сённяшні момант Беларусь вельмі залежыць ад Расеі ды патрабуе шырэйшай супрацы з гэтаю краінаю, пашырэння рынку збыту для беларускіх тавараў. Павал Усаў перакананы, што Расея ўсё больш цісне на спажывецкую вытворчасць Беларусі, каб увайсці са сваім бізнесам у краіну і паставіць мясцовы рынак пад кантроль. «Без энергетычнага, фінансавага падтрымання Расеі Беларусі будзе вельмі цяжка утрымліваць рынак як валютны, так і агульную эканамічную сістэму», – упэўнены эксперт.

Як мысліць беларускі рэжым?

Павел Усаў пракаментаваў таксама махінацыі Беларусі з расейскімі нафтапрадуктамі: «Псіхалогія беларускага рэжыму – скрасці і падмануць, дзе можна. Гэтак вырашаюцца пэўныя інтарэсы, але не дзяржавы, а груповак, бо па сутнасці тыя схемы, якія працуюць у Беларусі, падкантрольныя толькі прадстаўнікам улады». {movie}Павал Усаў: Псіхалогія рэжыму – скрасці і падмануць|right|4781{/movie}

Тое, што менавіта цяпер з’явілася інфармацыя пра беларускае махлярства з нафтапрадуктамі, палітолаг лічыць медыяльным ціскам з боку Масквы. Усаў перакананы, што гэткім чынам Крэмль узмацняе геапалітычны кантроль.

belsat.eu

Стужка навінаў