З Алеся Бяляцкага зрабілі «злоснага парушальніка рэжыму»


Улады робяць усё, каб зняволены праваабаронца не трапіў пад амністыю, якую маюць абвесціць у ліпені.

У звязку з новым статусам у калоніі Алесю Бяляцкаму скарацілі прадуктовыя перадачы з 30 да 15 кг і адмянілі дадатковыя 5 кг гародніны і фруктаў на летні перыяд, акрамя таго, праваабаронцу пазбавілі доўгатэрміновага спаткання.

Пра свой пераслед Алесь Бяляцкі распавёў у лісце жонцы Наталлі Пінчук.

Акрамя таго, Бяляцкі паведаміў, што яму абмежавалі грашовыя пераводы ў калонію. «Раней яму на рахунак можна было пераводзіць 500 тыс. руб. штомесяц. Цяпер – толькі 100 тыс. Гэта паказвае, што для яго ствараецца дастаткова цяжкая сітуацыя ў маральным і псіхалагічным плане, а скарачэнне грашовых паступленняў б’е па магчымасці набыць дадатковыя прадукты, што будзе ўплываць на стан ягонага здароўя», – падкрэсліла Наталля Пінчук.

Алесь Бяляцкі працягвае працаваць упакоўшчыкам на швейным прадпрыемстве. «Ён працуе шэсць дзён на тыдзень. На здароўе ён ніколі не скардзіцца, але, мяркуючы з агульнага тону лістоў, часам узнікае ўражанне, што ў яго не ўсё добра і ягонае здароўе пагаршаецца. А прычэпкі і спагнанні перакрэсліваюць любыя надзеі на амністыю», – заявіла жонка палітвязня.

Да праваабаронцы застаюцца грашовыя пытанні

Паводле прысуду Бяляцкі мусіў кампенсаваць нанесеныя дзяржаве страты памерам 721 млн руб. і выплаціць дзяржаўную мыту 36 млн руб. Грошы ўдалося сабраць дзякуючы добраахвотным ахвяраванням, аднак гэта не паўплывала на вырак. Больш за тое – на чарговым судзе з Бяляцкага пастанавілі спагнаць яшчэ і пеню, а гэта каля 140 млн руб.

Праваабаронцы лічаць гэтае рашэнне незаконным – як, зрэшты, і пераслед Алеся Бяляцкага ўвогуле. Грошы, якія суд палічыў ягоным прыбыткам, былі дапамогаю замежных фондаў, што скіроўвалася на падтрыманне беларусаў, якіх улады пераследуюць за палітычныя перакананні.

belsat.eu

Стужка навінаў