Андрэй Суздальцаў: Беларусь як «failed state»


«Дзяржава, што падпісвае пагадненні з партнёрам, ад якога так залежыць, і, атрымліваючы ад яго вялізарнае падтрыманне, спрабуе пры гэтым яго «нагрэць» – якая ж гэта ўдалая дзяржава? Гэта дзяржава, якая жыве на кантрабандзе, і, на жаль, такое меркаванне пра гэтую дзяржаву [распаўсюджанае] у найвышэйшых колах расейскага грамадства», – заявіў маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, каментуючы «Белсату» «нафтавы скандал» паміж Расеяй і Беларуссю.

Грошы давядзецца вярнуць

Імпарт расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь апошнімі гадамі вырас у разы, у тым ліку ў 2012 г. у параўнанні з першым кварталам 2011 г. – у чатыры разы. Адначасова з гэтым Беларусь пачала экспартаваць вялікія аб’ёмы растваральнікаў, якія не абкладаюцца мытамі. Расея падазрае, што пад відам гэтых танных нафтапрадуктаў Беларусь гоніць на Захад кантрафактавае паліва.

Паводле публікацыі ў газеце «Известия», расейскі бюджэт у выніку не атрымаў ад Беларусі не менш як $ 450 млн мыты. Аднак у кулуарах называюць значна большую лічбу – каля $ 2 млрд.

{movie}Андрэй Суздальцаў: Грошы прыйдзецца вярнуць|right|4779{/movie}

«Грошы проста не дайшлі да расейскага бюджэту. Гэта пытанне дзяржаўнага ўзроўню, і калі хтосьці гэта прабачыць, то прыме на сябе велізарную адказнасць перад падаткаплатнікам, – гаворыць Андрэй Суздальцаў. – Той жа Пуцін не будзе браць на сябе адказнасці і казаць: вы ведаеце, мы чарговы раз прабачылі Беларусі пэўную суму. На якой падставе? Гэта пытанне ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Расеі, а гэтая сітуацыя – складаная, і «падкідваць дроўцы» сюды не надта весела і правільна. Грошы давядзецца вярнуць».

Якім чынам? Паводле маскоўскага палітолага, Беларусь не пойдзе на прыватызацыю «Беларуськалію» і нафтаперапрацоўчай галіны. «Магчыма, будуць рэалізаваныя нейкія пастаўкі, неабходныя расейскаму боку, і будуць нейкія кампенсацыя выпрацаваныя», – дадаў Суздальцаў.

Менск спяшаецца апраўдацца



Усе пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі адбываюцца ў адпаведнасці з падпісанымі з Расеяй пагадненнямі, заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандр Шпілеўскі. «Ніякіх незаконных паставак за мяжу няма і быць не можа. Афіцыйна заяўляю, што ўсё, што ўваходзіць і выходзіць з краіны, трымаецца пад жорсткім кантролем», – заявіў галоўны мытнік Беларусі.

Ён зазначыў, што «прадстаўнікі расейскага боку, прысутныя ў Менску, прэтэнзіяў не выказвалі». Тым часам, паводле Андрэя Суздальцава, тэма незаконнага продажу нафтапрадуктаў сярод прадстаўнікоў расейскіх палітычных элітаў абмяркоўваецца даўно. «Такі дзіўны перакос у пастаўках быў заўважаны яшчэ да Новага года, то бок да ўступлення Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору. У нас ёсць перакананне, што як толькі беларускі бок атрымаў доступ да расейскай нафты па ўнутрырасейскіх коштах, такія схемы ўжо прапрацоўваліся», – заявіў палітолаг.

«Failed state»

Саму схему з пастаўкамі нафтапрадуктаў пад выглядам танных растваральнікаў Андрэй Суздальцаў называе наіўнаю. {movie}Андрэй Суздальцаў: Беларусь як failed state|right|4778{/movie}

«Гэтая сітуацыя, калі нейкія дзіўныя растваральнікі, што, як толькі праходзяць мяжу з Латвіяй, пераўтвараюцца ў нармальнае беларускае дызельнае паліва і бензін, гаворыць пра тое, што гэтыя грошы бачныя, страты, што панесла расейская казна, таксама бачныя. Гэта не па-таварыску, гэта не па-саюзніцку, – гаворыць Андрэй Суздальцаў. – Гэта той выпадак, калі мы гаворым, што кіраўніцтва рэспублікі не дзеяздольнае і не дамоваздольнае – гэта прыкмета «failed state» (няўдалай дзяржавы)».

belsat.eu

Стужка навінаў