Расейцы ўцякаюць з Варшавы на самалётах «Белавіі»


Расейскія футбольныя фанаты звярнуліся да беларускай авіякампаніі з просьбаю дапамагчы.

Нацыянальная авіякампанія “Белавія” гатова пайсці насустрач расейскім футбольным заўзятарам і можа дапамагчы ім трапіць дадому раней за планаваны час. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец. Ён сказаў, што ўчора прадстаўніцтва кампаніі “Белавія” ў Варшаве звярнулася да яго з просьбаю змяніць умовы групавога тарыфу.

“Звычайна практыка групавых пералётаў такая: калі ёсць група, то ўсе яе ўдзельнікі прылятаюць адным рэйсам і вылятаюць адным рэйсам. А тут адбыўся выключны выпадак. Некаторыя людзі са складу расейскай групы, якая карысталася нашымі паслугамі, заявілі, што не могуць больш заставацца ў Польшчы ў такіх умовах, баяцца за свае жыцці. Яны звярнуліся да авіякампаніі з просьбаю паспрыяць у тэрміновым вяртанні на радзіму. Мы пайшлі насустрач”, – падкрэсліў намеснік дырэктара.

Паводле яго, гаворка не ідзе пра нейкі тэрміновы рэйс для расейскіх заўзятараў. “Гэта рэгулярныя рэйсы, яны проста папрасілі змяніць дзень адлёту на больш ранні”, – растлумачыў Чаргінец. Ён адзначыў, што ніякіх фінансавых стратаў “Белавія” ў гэтым выпадку не панясе.

Сутычкі адбыліся ў Варшаве 12 чэрвеня падчас маршу расейскіх заўзятараў на Нацыянальны стадыён перад матчам Расея – Польшча. Фанаты арганізаванаю групаю рухаліся праз мост Панятоўскага да спартовай арэны ў атачэнні паліцыянтаў, якія ахоўвалі іх ад польскіх заўзятараў.

Паліцыя старалася аператыўна перарываць спробы завязаць бойку, выкарыстоўваючы гумовыя кулі, вадамёты і слезацечны газ; некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненні, сярод іх 17 паліцыянтаў. Медычная дапамога спатрэбілася 25 расейцам. Адзін пацярпелы грамадзянін Расеі з траўмаю сківіцы дагэтуль застаецца ў шпіталі. Сёння адбыліся першыя суды над удзельнікамі боек.

belsat.eu

Стужка навінаў