156 палякаў і 25 расейцаў адкажуць перад судом за бойкі ў Варшаве


У Варшаве адбыліся першыя суды над завадатарамі беспарадкаў 12 чэрвеня напярэдадні матчу Расея – Польшча.

У паскораным рэжыме адзін з судоў прыгаварыў восем польскіх хуліганаў да выплаты штрафу памерам 500 злотых (каля 160 долараў) і ўмоўнага турэмнага зняволення на тэрмін да 12 месяцаў.

Напярэдадні ў варшаўскім раёне Прага мусіў адбыцца разгляд справаў яшчэ васьмі чалавек, сярод якіх чацвёра расейцаў. Аднак паседжанне не адбылося, бо бракавала перакладаў некаторых дакументаў.

Падчас беспарадкаў 12 чэрвеня паліцыя ў Варшаве затрымала 184 асобы. У тым ліку – 156 палякаў, 25 расейцаў, а таксама іспанца, вугорца і алжырца.

Сутычкі хуліганаў у Варшаве пачаліся падчас маршу расейскіх заўзятараў на Нацыянальны стадыён перад матчам. Фанаты арганізаванаю групаю рухаліся праз мост Панятоўскага да спартовай арэны ў акружэнні паліцыянтаў, якія засланялі іх ад польскіх заўзятараў.
На калону спрабавалі нападаць польскія хуліганы, якія правакавалі расейскіх прыхільнікаў футболу абразамі і нецэнзурнаю лаянкаю. Паліцыя старалася аператыўна перарываць спробы завязаць бойку, выкарыстоўваючы гумовыя кулі, вадамёты і слезацечны газ; некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненні, у тым ліку 17 паліцыянтаў. Медычная дапамога спатрэбілася 25 расейцам. Адзін пацярпелы грамадзянін Расеі з траўмаю сківіцы дагэтуль застаецца ў шпіталі.

belsat.eu

Стужка навінаў