Чарнобыль ні пры чым? За 10 гадоў захворванне на рак павялічылася на 34 %


Паводле прагнозаў медыкаў, праз 20 гадоў колькасць захварэлых на рак у Беларусі павялічыцца амаль удвая.

У 2011 г. на рак захварэлі больш як 44 тыс. чалавек. Галоўны пазаштатны анколаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалогіі ды медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Алег Суконка гаворыць, што калі сённяшнія тэндэнцыі павелічэння выпадкаў хваробы на рак не пераламаць, то ўжо ў 2032 г. колькасць захварэлых за год дасягне 78 тыс. чалавек.

На пачатку 2012 г. на дыспансерным уліку ў звязку са злаякаснымі новаўтварэннямі стаялі амаль 250 тыс. чалавек, што склала больш як 2,5 % насельніцтва краіны. Пры гэтым 10 гадоў таму, у 2001 г., на дыспансерным уліку стаялі 155 тыс. чалавек.

Рак – адна з самых распаўсюджаных прычынаў смерці

У структуры ўсіх прычынаў смерці анкалагічная паталогія займае другое месца пасля хваробаў сістэмы кровазвароту. У Беларусі назіраецца тыповая для Еўрапейскага кантыненту сітуацыя, калі працягласць жыцця сярод мужчынскага насельніцтва больш за ўсё скарачаецца з прычыны смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў лёгкіх, тоўстага кішэчніка, страўніка, сярод жанчын – праз гінекалагічныя пухліны.

Аднак, паводле Алега Суконкі, апошнімі гадамі ў Беларусі назіраецца павелічэнне розніцы паміж узроўнем захворвання і смяротнасці ад раку. З 2002 г. паказнікі захворвання (на 100 тыс. насельніцтва) выраслі на 34,2 %, а паказнікі смяротнасці знізіліся на 5,6 %, што «сведчыць пра несумненны прагрэс у дыягностыцы і лячэнні анкалагічных хваробаў», упэўнены медык.

Ён падкрэсліў, што частата ўтварэння злаякасных пухлінаў рэзка павялічваецца з узростам, самыя высокія ўзроставыя паказнікі назіраюцца ў мужчынаў і жанчын, якім больш за 60 гадоў. Тым не менш, амаль кожны трэці хворы мае працаздольны ўзрост.

Перамаглі радыяцыю?

Нягледзячы на відавочныя праблемы з узроўнем захворвання на рак сярод беларусаў, дзяржава працягвае трымаць курс на ўвядзенне ў абарот земляў, якія яшчэ нядаўна лічыліся забруджанымі радыенуклідамі.{movie}Каровы пасуцца на радыёактыўным лузе ў Веткаўскім раёне. Архіў.|right|4754{/movie}

Працягваецца і «шэрае» асваенне забруджаных земляў. Гэтак, у 2012 г. упершыню пасля аварыі на ЧАЭС вырасла колькасць насельніцтва на гэтых тэрыторыях. Цяпер у населеных пунктах у зоне радыеактыўнага забруджвання жывуць каля 1,14 млн чалавек. Перасяленцам дапамагаюць, выдзяляюць жытло, яны атрымліваюць доступ да сродкаў, прадугледжаных чарнобыльскімі праграмамі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, дзяржава забяспечвае жыхароў забруджаных тэрыторый «чыстымі» прадуктамі, аднак гэта не замінае ім гадаваць скаціну і нават здаваць яе на мяса. Жывёлу некаторы час утрымліваюць на «чыстым» рацыёне, пасля чаго лічыцца, што іхнае мяса робіцца бяспечным. Пра гэта гавораць самыя жыхары, хоць на афіцыйным узроўні гэтая інфармацыя не пацвярджаецца.

belsat.eu

Стужка навінаў