Цуды будаўніцтва на... паперы. Чыноўнікі ўрэзалі спіс льготнікаў


З пачатку чэрвеня ажно 15 тыс. менчукоў афіцыйна перасталі мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. А чарга сем’яў, што прэтэндуюць на атрыманне жытла з ільготным крэдытаваннем і ўжо былі ўключаныя ў кааператывы, скарацілася на 2/3.

Гэта не цуд, а перагляд нарматываў. Апошнія 10 гадоў чарга асобаў, якія маюць права на паляпшэнне жыллёвых умоваў, расла. У 2011 г. зрабіліся больш жорсткімі ўмовы для пастаноўкі на ўлік, быў зніжаны нарматыў забяспечанасці, улічаныя жылыя памяшканні, што маюцца ва ўласнасці ў Менскай вобласці. Тым не менш, на 1 чэрвеня ў чарзе стаяць 269 794 сям’і.

Яшчэ больш радыкальна паступілі з сем’ямі, якія яшчэ нядаўна мелі права на льготнае крэдытаванне. Нядаўна гэты спіс налічваў 36 тыс. сем’яў, што ўжо былі ўключаныя ў жыллёва-будаўнічыя кааператывы. Цяпер іх – толькі 12 тыс.

Колькі за «квадрат»?

Паводле намесніка старшыні Менгарвыканкаму Сяргея Радамана, сёння таксама прапаноўваюць будаваць кватэры грамадзянам, якія стаяць у агульнай чарзе з 1988–1989 гг.{movie}Сяргей Радаман пра скарачэнне чаргі “льготнікаў”|right|4753{/movie}

У грамадзянаў, якія страцілі права льготнага крэдытавання, захавалася права пабудаваць больш таннае жыллё паводле дзяржаўнай расцэнкі, замоўнікамі якога выступаюць упраўленні капітальнага будаўніцтва. Кошт будаўніцтва ў панэльных дамах складае прыкладна Br 4,2 млн за квадратны метр, з улікам выдаткаў на інжынерную інфраструктуру – Br 4,6 млн, у каркасна-маналітных дамах – да Br 8 млн.

На рынку ж адзін «квадрат» каштуе каля Br 10,6 млн – такія сярэднія кошты для двухпакаёўкі прыводзіць інтэрнэт-цэнтр нерухомасці realt.by.

Хто мае права на льготны крэдыт?

Цяпер пастаноўка на чаргу на льготны крэдыт рэгулюецца Указам прэзідэнта № 13 ад 6.01.2012.

Пазачарговае права на льготны крэдыт маюць:

  • шматдзетныя сем’і;
  • сем’і з дзецьмі-інвалідамі І і ІІ групы;
  • грамадзяне, што захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу праз наступствы аварыі на ЧАЭС;
  • грамадзяне, якія жывуць у памяшканнях, прызнаных не прыдатнымі для жыцця;
  • грамадзяне, якія больш за 10 гадоў жывуць у інтэрнатах і не маюць ва ўласнасці нерухомасці.

Яшчэ сярод «льготнікаў» – пракурорскія працаўнікі і суддзі, лаўрэаты адмысловых фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Права на льготны крэдыт маюць таксама сем’і, якія збіраюцца будавацца або купляць жытло ў населеных пунктах з насельніцтвам менш як 20 тыс. чалавек.

Поўны пералік катэгорыяў тых, хто яшчэ можа атрымаць льготны крэдыт, – у тэксце Указу.

belsat.eu

Стужка навінаў