Што з беларускай авіяцыяй і як выправіць сітуацыю?


Учорашняя катастрофа Су-25 у Наваградскім раёне чарговы раз паставіла пытанне наконт тэхнічнага ўзроўню беларускай вайсковай авіяцыі. Каб не гераічнасць падпалкоўніка Мікалая Грыднева, які ігнараваў загад катапультавацца і адвёў машыну ад вёскі цаною свайго жыцця, ахвяраў магло б быць значна болей. Мікалай Грыднеў цаной жыцця адвёў самалёт ад вёскі фота forummod.bn.byМікалай Грыднеў цаной жыцця адвёў самалёт ад вёскі фота forummod.bn.by

Ранейшыя авіякатастрофы вайскоўцы тлумачылі “нясвежасцю тэхнікі”, учорашняя трагедыя адбылася, калі самалёт “пачаў страчваць кіраванне”.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін нагадвае, што самыя маладыя Су-25, што застаюцца на ўзбраенні беларускага войска, маюць па 30 гадоў.

30 год без новых самалётаў

“На першае месца трэба паставіць тэхнічны фактар. Самалёты гэтыя з’явіліся ў нас у 1982–1984 гадах. Для авіяцыйнай тэхнікі гэта салідны ўзрост, і калі не праводзіць капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, цалкам магчыма, што тэхнічныя адмовы будуць нарастаць, як снежны ком”, – кажа спадар Алесін.

Грошай на поўную мадэрнізацыю няма, а некаторыя з гэтых машынаў удзельнічалі нават у вайне ў Афганістане, дзе, натуральна, выкарыстоўваліся напоўніцу. Войска не мае грошай і на новыя самалёты. Апошняя пакупка – гэта вучэбна-трэнінгавыя былыя ў эксплуатацыі ўкраінскія Л-39. Алесін бачыць два выйсці ў гэтай сітуацыі: альбо рэзка павялічыць фінансаванне войска і скіраваць гэтыя грошы перадусім на мадэрнізацыю і набыццё новай тэхнікі, альбо проста скараціць беларускую армію.

Другі шлях абрала большасць краінаў Еўропы, дзе меншае з памераў, але прафесійнае войска з якасным узбраеннем лічаць лепшай альтэрнатываю вялізарнаму малоху з перастарэлаю тэхнікаю.

belsat.eu

Стужка навінаў