Хто дасылаў “ліпавыя” СМС пра донарскую кроў для дзіцяці?


На СМС з мальбою пра дапамогу донарскаю крывёю дзіцяці, якое памірае, ніхто не зарабляў. А нумар, пазначаны для кантакту, сотавы аператар заблакаваў яшчэ ў студзені. Калі ўладальнік нумара не мог атрымаць і рубля на СМС, то каму гэта ўсё спатрэбілася?

Перашліце знаёмым

У гэтых паведамленнях гаварылася: “Дзіцяці патрэбны донар 3-й адмоўнай групы крыві (вельмі рэдкая), дзіця памірае. +375257672008 Кацярына Яўгенаўна. Перашліце, калі ласка, усім сваім знаёмым”.

Генадзь Хулуп, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру трансфузіялогіі ды медычных біятэхналогіяў, паведаміў, што на тэлефоны ягоных супрацоўнікаў таксама прыходзілі паведамленні з просьбамі пра донарскую дапамогу. Але ў цэнтры было дастаткова дозаў крыві неабходнай групы.

“Хтосьці згуляў на добрых пачуццях нашага народу”, – зазначыў чыноўнік.

Рэч у тым, што на тэлефанаванні ніхто не адказваў. У медыях зрабілі выснову, што гэта махлярская схема дзеля выкачвання грошай праз мабільны тэлефон.

Ніхто не шукае Кацярыны Яўгенаўны

Ці распачалі праваахоўныя органы шукаць махляроў, служба інфармацыі “Белсату” запыталася ў Следчым камітэце Менску.

“Крымінальная справа не заведзеная, – паведамляе афіцыйны прадстаўнік СК Аляксандр Герасімаў. – Да нас не звярталіся пацярпелыя, не выяўлена матэрыяльных стратаў. Калі б у нас былі заявы, то мы маглі б завесці справу ды пачаць расследаванне”.

Мо пацярпелыя не звярталіся, бо ніхто не пацярпеў?.. Гэтую здагадку пацвердзілі ў сотавай кампаніі, якой належыць нумар, пазначаны ў СМС.

Крывавы след

Максім Івашын – прэсавы сакратар і PR-спецыяліст кампаніі “Life” запэўніў, што пацярпелых у гэтай справе быць не можа. Высветлілася, што гэта другая хваля СМС з просьбамі дапамагчы крывёю. Першая была ў студзені.

“Узімку мы заблакавалі гэты нумар, тэлефанаванні на яго ды з яго сталі немагчымыя. Гэта быў звычайны нумар са звычайным тарыфам, ніхто на ім зарабіць не змог бы. Заблакавалі, бо ён фігураваў у тым масавым закідзе СМС. Трэба заўважыць, што СМС распаўсюджваліся з нумароў, што належаць кампаніі МТС і “Вэлком”.

На гэтай падставе Максім Івашын выказвае здагадку: калі махлярства праз СМС не адбывалася, то каму, як не канкурэнтам магла спатрэбіцца гэтая “крывавая” гісторыя.

belsat.eu

Стужка навінаў