Каралева нашых дзён


Агляд падзеяў культуры, 13 чэрвеня

Паэзія, проза і п’еса – пад адною вокладкаю. Сваю новую кнігу пад таямнічаю назваю “Кніга для спадарыні Эл” у Менску прэзентаваў Леанід Дранько-Майсюк. Жанр твору сам аўтар акрэслівае як антыгламурны раман, упрыгожаны прысутнасцю каралевы Боны. Хто ж такая спадарыня Эл?

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК, ПАЭТ, ПРАЗАІК:
“Характар у спадарыні Эл – гэта характар каралевы Боны. Багацце спадарыні Эл – гэта багацце каралевы Боны. І магчыма, спадарыня Эл – гэта каралева Бона нашых дзён”.

Кніга магла выйсці чатыры ці нават пяць гадоў таму, кажа аўтар, але выдавецтва “Мастацкая літаратура” яе не надрукавала. У выніку выданне пабачыла свет толькі сёлета, дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

БАРЫС ПЯТРОВІЧ, СТАРШЫНЯ САЮЗУ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ:
“На жаль, сёння такая сітуацыя ў Беларусі, што кнігі многіх вядомых і папулярных аўтараў, самых папулярных і вядомых, не выходзяць у дзяржаўных выдавецтвах. І таму мы былі радыя выдаць гэтую кнігу ў нас”.

Прэзентацыя ж “Кнігі для спадарыні Эл” прайшла ў сценах Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры.

belsat.eu

Стужка навінаў