Даведнік заўзятара. Варшаўская бітва


А мы працягваем сачыць за асноўнымі падзеямі на “Еўра-2012” разам з Алесем Залеўскім. Толькі што з лікам 0:2 скончыўся матч Грэцыя–Чэхія (на карысць Чэхіі), і вось-вось распачнецца баталія паміж зборнымі Польшчы ды Расеі, якую ўжо назвалі сучаснаю варшаўскаю бітваю. На жаль, матчу папярэднічала бойка паміж фанатамі.

Сціхлі эмоцыі пасля матчу Чэхіі ды Грэцыі, але асноўныя баталіі ў групе “А” распачнуцца літаральна праз паўгадзіны. Зборная Польшчы, каб сур’ёзна разлічваць на выйсце ў плэй-оф, мусіць браць пункты ў гульні з расейцамі – фаварытамі квартэту. Ці разгорнецца гэтак званая “Варшаўская бітва”, як акрэсліваюць польскія медыі сённяшні матч, выключна на газоне варшаўскага стадыёну? Шмат будзе залежаць ад праваахоўных службаў.

За правапарадкам на “Еўра” ў Польшчы сочаць больш за 10 тысяч паліцыянтаў, таксама ёсць прадстаўнікі вайсковай жандармерыі, гарадской аховы ды іншыя спецыяльныя адзінкі, агулам – больш за 30 тысяч праваахоўнікаў, з разліку адзін службоўца ў пагонах на 40 турыстаў.

Сёння службы бяспекі здаюць своеасаблівы экзамен на “Еўра”. На турніры яшчэ не было матчу з больш вострым палітычным ды ідэалагічным падтэкстам.

Да матчу яшчэ прынамсі гадзіна, а тысячы заўзятараў зборнай Расеі ўжо святкуюць. Акурат 12 чэрвеня адзначаецца Дзень Расеі. Над фанатамі лятаюць паліцэйскія верталёты, праваахоўнікі размясціліся і паабапал шляху расейцаў да стадыёну. Усё дзеля таго, каб марш не скончыўся сутыкненнямі з мясцовымі радыкаламі. Для апошніх – зрэшты, як для большасці палякаў, – савецкая атрыбутыка не лепшая за свастыку: гістарычна Польшча пацярпела ў роўнай ступені і ад тых, і ад другіх.

Смалы ў агонь падлілі расейскія фанаты ў дзень адкрыцця турніру. Пасля матчу з чэхамі некалькі заўзятараў брутальна збілі персанал, што абслугоўвае спаборніцтвы, проста на стадыёне. Гэтае відэа паказалі асноўныя польскія тэлеканалы. Паліцыя ж разводзіць рукамі – выканаўцы вядомыя, але іх цяжка злавіць у краіне, куды прыехалі больш за мільён турыстаў.

ЯЦЭК ЦІХОЦКІ, МІНІСТР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ ПОЛЬШЧЫ:
“Як толькі гэта будзе зроблена, іх чакаюць суды – ці ў нас у краіне, ці ў Расеі”.

Не абышлося без боек і сёння. З абодвух бакоў заўзятараў пацярпелі да некалькі дзесяткаў чалавек.

Заўтра ж камісія УЕФА мае абвесціць рашэнне адносна жорсткасці санкцыяў датычна інцыдэнту на матчы з чэхамі. Яго прымуць з улікам сённяшняга выніку. Але не гульні, а заўзення.

Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў