Місія ЗША ў АБСЕ заступаецца за нашых журналістаў


Сярод негатыўных тэндэнцыяў называюць шматлікія затрыманні незалежных журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў тэлеканалу “Белсат”.

Місія мяркуе, што ўрад РБ абмяжоўвае свабоду перамяшчэння сваіх грамадзянаў, і асуджае гэтыя дзеянні. Як прыклад прыводзіць нядаўнія затрыманні на мяжы былых палітычных вязняў Андрэя Саннікава ды Змітра Бандарэнкі. Місія заклікае беларускі бок спыніць пераслед і аднавіць ў грамадзянскіх ды палітычных правах усіх былых палітвязняў, не абмяжоўваць свабоды перамяшчэння беларускіх грамадзянаў.

З журналістамі – жорстка

Дзеянні ўладаў у дачыненні незалежных журналістаў ЗША называюць жорсткімі. Узгадваюць выпадак 31 траўня, калі карэспандэнтку радыё “Свабода” Іну Стужынскую затрымалі на 3 гадзіны ў Светлагорску падчас асвятлення сустрэчы актывістаў апазіцыі з мясцовымі жыхарамі. Таксама ў справаздачы ЗША называюць імёны затрыманых разам са спадарыняю Стужынскаю калегаў: тэлежурналістка Аліна Радачынская, тэлеаператар Аляксандр Баразенка, фатограф Сяргей Балай.

У той жа дзень ў Горадні міліцыя затрымала журналістаў Яна Романа, Юлію Каляду і Андрэя Пачобута, якія меліся асвятляць пікет Саюзу палякаў.

На наступны дзень дзве тэлежурналісткі, Таццяна Белашова і Вольга Чайчыц, трапілі ў рукі сталічнай міліцыі падчас здымкаў святкавання Дня абароны дзяцей.

“Малады фронт” пад арыштам

Адміністратыўныя арышты сябраў моладзевай арганізацыі “Малады фронт” таксама трапілі ў поле зроку місіі ЗША. Справаздача адлюстравала 5 свежых выпадкаў, калі пасадзілі Міхаіла Мускага, Змітра Крамянецкага, Рамана Васільева, Мікалая Дземідзенку, Паўла Вінагарадава.

Місія не верыць у законнасць суда, які абвінаваціў праваабаронцу Алега Волчака ў лаянцы матам ды пасадзіў на 10 содняў.

Катаванні ў цэнтры Еўропы

Дагэтуль людзі скардзяцца на катаванні ды жорсткае абыходжанне ў месцах утрымання пад вартаю. Вінаватых у гэтым службоўцаў не караюць. На адвакатаў працягваюць аказваць ціск. Адсутнасць незалежнай судовай улады пагаршае сітуацыю з правамі чалавека ды перашкаджае дэмакратычнаму прагрэсу ў Беларусі, гаворыцца ў справаздачы.

belsat.eu

Стужка навінаў