Даведнік заўзятара. Палітыка «Еўра»


https://youtu.be/vZmrjqR4VzQ
.

У так званай групе смерці пакуль без відавочнага лідара. У двубоі чэмпіёнаў свету 1998 г. з родапачынальнікамі футболу так і не быў выяўлены пераможца. Але сваё слова яшчэ не сказалі гаспадары турніру. Вось-вось яны выйдуць на поле ў матчы са Швецыяй.

Пакуль галоўны «прадракальнік» «Еўра» ва ўкраінскай частцы турніру выбірае чарговага пераможцу. Сённяшнія праціўнікі гаспадароў больш спадзяюцца на ўласныя сілы.

ЗЛАТАН ІБРАГІМАВІЧ, КАПІТАН ЗБОРНАЙ ШВЕЦЫІ
«Мы іх вывучаем і пабачылі, што няма аднаго ключавога гульца, а ёсць моцная і небяспечная каманда ў цэлым».

Якая таксама разлічвае і на падтрыманне родных сценаў. Хоць гэты факт выклікае непадробнае хваляванне нават у футбалістаў з сусветным імем, якія дасягнулі шматлікіх вяршыняў у кар’еры.

АНДРЭЙ ШАЎЧЭНКА, НАПАДНІК ЗБОРНАЙ УКРАІНЫ:
«Гуляючы тут, хатні турнір… Краіна, якая гаспадарыць… Для мяне гэта вялікі гонар».

Але гэта прэс-канферэнцыя, галоўнае ж, каб хваляванне не падвяло падчас матчаў. У выніку паразы ў першай гульні гаспадарам трэба будзе чапляцца за пункты са зборнымі Англіі ды Францыі – фаварытамі групы «D». Калі украінцам і перамагаць, то шведаў.

Але «Еўра-2012» – свята не толькі футболу. Гэта і буйная камерцыйная імпрэза і, вядома, палітычная. Апошні аспект асабліва востра адчуваецца ва Украіне. На трыбунах пустуюць месцы, прызначаныя для высокіх палітыкаў з краінаў Еўразвязу, а міліцыя мусіць пільнаваць, каб заўзятары камандаў раптам не перакваліфікаваліся ў пратэстоўцаў.

Хоць у Кіеве можна пабачыць, як дзіўным чынам спалучаецца камерцыя з палітыкаю. Напрыклад, як з гэтымі сцягамі ў падтрыманне Юліі Цімашэнкі. Яны развіваюцца на гандлёвых намётах аднаго з афіцыйных спонсараў «Еўра». Кіраўніцтва УЕФА, прынамсі, пакуль заплюшчвае на гэта вочы, а ў справе агульнай палітычнай сітуацыі ва Украіне – умывае рукі.

МІШЭЛЬ ПЛЯТЫНІ, ПРЭЗІДЭНТ УЕФА:
«Чатыры гады таму прадстаўнікі Нямеччыны самі прагаласавалі за заяўку Украіны на правядзенне «Еўра». Так што не папракайце мяне цяпер».

Вось толькі чатыры гады таму Юлія Цімашэнка сядзела ў крэсле прэм’ер-міністра, а не ў турме.

Разам з кіраўніцтвам Нямеччыны турнір ва Украіне праігнаравалі вышэйшыя асобы Брытаніі ды Францыі. На іхную думку, экс-прэм’еру Юліі Цімашэнцы не аказваюць належнай медычнай дапамогі і не забяспечваюць права на справядлівы разгляд справы ў судзе. Каб гэта змяніць, з адмысловаю місіяй Кіеў сёння наведала дэлегацыя Еўрапарламенту.

Сама Юлія Цімашэнка цяпер утрымліваецца ў харкаўскім шпіталі і не засталася без «Еўра». Яна перадала праз давераных асобаў, што будзе глядзець сённяшні матч ды заўзець за сваю зборную.

Алесь Залеўскі, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары