У Маскве на «Маршы мільёнаў» апазіцыя патрабуе зменаў


А 13-й паводле маскоўскага часу ў Маскве распачаўся “Марш мільёнаў” – чарговая акцыя пратэсту расейскай апазіцыі. Апазіцыянеры рушылі шэсцем па бульварах, адкуль прайшлі на плошчу Сахарава, дзе запланаваны трохгадзінны мітынг. Паводле прагнозаў арганізатараў, у акцыі пратэсту маюць узяць удзел да 50 000 грамадзянаў.

Апазіцыя патрабуе

Аб’яднаная апазіцыя выпрацавала адзіную праграму, у якой першую пазіцыю займае патрабаванне адстаўкі Уладзіміра Пуціна як сімвала сістэмы. Апазіцыя патрабуе таксама распрацаваць і зацвердзіць праект новага закону аб выбарах у парламент, які будзе забяспечваць абранне дэпутатаў на сумленных, празрыстых і канкурэнтных выбарах.

У планах расейскіх апазіцыянераў таксама рэферэндум, на які выставяць праект новай Канстытуцыі з абмежаваннем паўнамоцтваў і тэрмінам улады прэзідэнта і пашырэннем паўнамоцтваў парламенту.

Удзельнікі акцыі настроеныя рашуча і патрабуюць пераменаў. “Краіна ў тупіку. І чым далей, тым больш сітуацыя пагаршаецца, бо становіцца страшней”, – зазначыла адна з удзельніц акцыі.

Апазіцыйныя акцыі 12 чэрвеня прайшлі і ў іншых гарадах. Найбольш шматлікія былі ў Арэнбургу (300 чалавек) і Барнауле (200). Мітынгі ў Хабараўску і Уладзівастоку сабралі толькі 25 і 50 удзельнікаў адпаведна, інфармуе lenta.ru.

Улады падрыхтаваныя

У сувязі з правядзеннем апазіцыйных акцыяў, а таксама са святкаваннем Дня Расеі (а 19.00 на Краснай плошчы адбудзецца святочны канцэрт для 30 000 чалавек) у Маскве былі ўзмоцненыя захады бяспекі. Агулам за парадкам у горадзе сочаць 12 000 паліцыянтаў.

{movie}Пратэст у Маскве|right|4719{/movie}

Напярэдадні Дзяржаўная Дума прыняла новы законапраект, прапанаваны групаю адзінаросаў, – пра штрафы за парушэнні на мітынгах. Першапачаткова ён прадугледжваў павелічэнне штрафу за парушэнні пры правядзенні мітынгаў да 1,5 млн рублёў. Цяпер, згодна з дакументам, плануецца павышэнне штрафаў для грамадзянаў да 300 000 рублёў, для службовых асобаў – да 600 000. Важны момант законапраекту – увядзенне новага віду адміністратыўнага пакарання: абавязковых працаў, на якія парушальнікаў пачнуць выпраўляць з 1 студзеня 2013 г.

Допыты нязгодных



Сёння ўранку тэлевядучая Ксенія Сабчак, блогер Аляксей Навальны, прэс-сакратар “Левага фронту” Анастасія Удальцова і адзін з лідараў апазіцыйнага руху “Салідарнасць“ Ілля Яшын былі выкліканыя ў Следчы камітэт Расеі на допыт у межах справы аб беспарадках на Балотнай плошчы 6 траўня, перадае interfax.ru.

Адзін з арганізатараў “Маршу мільёнаў“ Сяргей Удальцоў таксама быў выкліканы на допыт, на які не з’явіўся, бо ўдзельнічаў у “Маршы мільёнаў”. Ён заявіў, што нясе адказнасць за акцыю і за тое, што там адбываецца.

Ператрэсці ды папужаць?

Учора прайшлі ператрусы ў лідараў расейскай апазіцыі, сярод якіх Аляксей Навальны, Сяргей Удальцоў і ягоная жонка Анастасія, каардынатар руху “Левы фронт” Аляксей Сахнін, Ілля Яшын, Ксенія Сабчак і памочнік дэпутата Дзярждумы Іллі Панамарова Марыя Баронава.

Працаўнікі праваахоўных органаў таксама наведаліся да апазіцыянера Нямцова, аднак праз тое, што ён быў у ад’ездзе, правесці ператрусу ў ягонай кватэры ім не ўдалося.

Ператрусы былі праведзеныя з нагоды справы масавых беспарадкаў на Балотнай плошчы, якія адбыліся 6 траўня. Тады паліцыя разагнала ўзгодненую з уладамі акцыю апазіцыі. Апазіцыянеры заявілі, што праваахоўныя органы заміналі шэсцю і мітынгу. Паліцыя абвінаваціла апазіцыю ў наўмыснай правакацыі. Агулам, згодна са звесткамі ГУ МУС Расеі па Маскве, за розныя правапарушэнні на травеньскім “Маршы мільёнаў” былі затрыманыя 436 чалавек. У акцыі, як паведамілі арганізатары, удзельнічалі не менш за 20 000 чалавек, паводле звестак паліцыі – толькі каля 8000.

belsat.eu

Стужка навінаў