Збіццё непаўналетняга ў Калінкавічах: крымінальнай справы не будзе


Следчы камітэт адмовіў у распачынанні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў паводле факту сілавога затрымання няпоўнагадовага Канстанціна Рудзені ў Калінкавічах. Рашэнне не распачынаць пераслед міліцыянтаў прынялі мясцовыя следчыя – з Калінкавіцкага аддзелу Следчага камітэту.

Відэа не пераканала{movie}Аматарскае відэа затрымання ў Калінкавічах|right|4716{/movie}

Справа з затрыманнем Рудзені выбухнула дзякуючы відэароліку, змешчанаму ў сацыяльных сетках. На відэа бачна, як міліцыянты ўтрымліваюць маладзёна, а навокал сабраліся больш як дзясятак мясцовых жыхароў, што абураюцца дзеяннямі міліцыі.

Паводле Следчага камітэту, міліцыянты разнялі бойку паміж двума маладзёнамі ды “іншай фізічнай сілы, акрамя ўтрымання, да маладога чалавека не ўжывалі”.

У Следчым камітэце заяўляюць, што відэазапіс, дададзены да матэрыялаў праверкі, праводзіўся пасля канфлікту паміж двума жыхарамі райцэнтру і “ўтрымлівае толькі канстатацыю ўтрымання маладога чалавека ў стане лежачы працаўнікамі міліцыі”. Як вынік, дзеянні міліцыянтаў прызнаныя правамоцнымі, бо фізічную сілу яны ўжылі абгрунтавана, у межах закону “Аб органах унутраных справаў”.

{movie}Алег Волчак пра інцыдэнт у Калінкавічах (архіў)|right|4717{/movie}

У сваю чаргу праваабаронца і былы следчы Алег Волчак раней у інтэрв’ю “Белсату” заявіў, што нават калі малады чалавек не меў рацыі ў той сітуацыі, міліцыянты перавысілі свае паўнамоцтвы.

Міліцыянты “замяталі сляды”?

Паводле звестак філіялу Цэнтральнага раённага шпіталю, куды Канстанцін Рудзеня быў дастаўлены хуткаю дапамогаю, у яго былі ўдары і раны мяккіх тканак твару і шыі, а таксама прыкметы алкагольнага ап’янення.

Сам Канстанцін Рудзеня прызнаецца, што амаль нічога не памятае. Толькі тое, што прасіў міліцыянта, каб падняў яго, бо не мог дыхаць. Міліцыянта, што яго біў, ён называе “неадэкватным”.

Вынікі судова-медычнай экспертызы сведчаць, што ў 17-гадовага хлопца выяўленыя лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі кароткачасовага разладу здароўя. У другога ўдзельніка канфлікту выяўленыя раны і ўдары на грудзях, перадплеччы; у начальніка штаба РАУС – рана і ўдары на левым плячы.

Маці Канстанціна Рудзені заявіла “Белсату”, што дактары супрацоўнічалі з міліцыянтамі, бо сына, які не мог стаяць на нагах, выпісалі дахаты. Канстанціна на каталцы давезлі да таксоўкі ды выгрузілі туды.

belsat.eu

Стужка навінаў