Пабіты даішнікамі мянчук шукае сведкаў


Сінякі, крывападцёкі, пашкоджанне рук кайданкамі. Такія сляды засталіся на целе Яўгена Сяліцкага пасля сустрэчы з патрульнымі сталічнай ДАІ. Два міліцыянты з Кастрычніцкага РУУСу збівалі кіроўцу, пакуль не пабачылі, што іх дзеянні здымаюць на тэлефоны сведкі.

28-гадовы Яўген Сяліцкі быў збіты ноччу 9 чэрвеня, калі паехаў на штотыднёвыя неафіцыйныя гонкі, што адбываюцца за Менскам у раёне Калядзічаў. Ён паведаміў у інтэрв’ю службе інфармацыі «Белсату», што, пабачыўшы набліжэнне патруля ДАІ, усе пачалі ад’язджаць у іншы бок. Ён на сваёй машыне таксама з’ехаў у бок вуліцы Бабушкіна, выключыў матор і глядзеў, куды паедуць іншыя.

«У гэты час даішнікі падышлі да мяне, не назвалі імёнаў, запатрабавалі дакументы. Я заўважыў, што не выступаю ўдзельнікам руху, бо мая машына стаіць заглушаная, яны пачалі спрачацца, адзін засунуў руку праз акно ў машыну і адкрыў дзверы. Я спужаўся і ўключыў старт», – апавядае ён.

Малады чалавек не паспеў паехаць, як «Тоўсты» і «Тонкі» (гэтак збіты называе міліцыянтаў) выцягнулі яго з аўта ды пачалі збіваць.

«Тоўсты схапіў мяне за шыю, ударыў нагою ў грудзі, каб я нагнуўся, пачаў заломваць руку. Пасля ўдарыў некалькі разоў каленам па грудной клетцы. Тонкі заломвае рукі ды надзявае кайданкі, усё – ляжу на зямлі. Потым атрымаў два разы ботам па галаве. Цяпер жудасныя сінякі», – кажа Яўген Сяліцкі.

«А што мне будзе, як я яго пару разоў ударыў?»

Міліцыянты пайшлі па дакументы ў машыну, а Сяліцкі ўцёк на светлую частку дарогі па дапамогу, пачаў лямантаваць. Шмат хто проста праязджаў паўз яго, але, на шчасце, спыніліся хлопцы, якія пачалі здымаць усё на камеру тэлефона.

Міліцыянты дагналі хлопца ў кайданках, павалілі на зямлю і выклікалі падмогу. Пасля нядоўгага разбору Сяліцкага адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС, дзе склалі пратакол пра кіраванне машынаю без пасведчання кіроўцы, якога, як ён прызнае, малады чалавек пры сабе не меў. Падчас афармлення дакументаў сведкі чулі, як «Тоўсты» раіўся з калегамі: «А што мне будзе, калі я яго п**дануў пару разоў?»

Вышэйшая інстанцыя не дапаможа

У панядзелак Яўген звярнуўся ў Следчы камітэт, дзе падаў заяву на дзеянні міліцыянтаў.

«Працаўнікі спачатку камусьці тэлефанавалі кансультавацца, а потым пытанні задавалі такім чынам, каб з адказаў я выглядаў злачынцам, а міліцыянты нібыта паводзіліся законна. У Следчым камітэце спрабавалі павярнуць справу не ў мой бок», – расказвае Яўген Сяліцкі.

Цяпер хлопец шукае сведак гэтага здарэння і хоча прыкласці ўсе намаганні, каб пакараць вінаватых. Ягоны нумар тэлефона, які выразна чуваць на відэа, 7544109 – «Velcom» і МТС.

belsat.eu

Стужка навінаў