Марш непакою: Варшава рыхтуецца да матчу Польшча – Расея


Расейскія заўзятары арганізуюць заўтра, 12 чэрвеня, марш па вуліцах Варшавы. Яны пройдуць да Нацыянальнага стадыёну, дзе ў межах “Еўра-2012” адбудзецца футбольны матч паміж Расеяй і Польшчаю.

Улады Варшавы далі адпаведную згоду, а прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заклікаў палякаў далучыцца да акцыі, бо расейцы будуць святкаваць Дзень Незалежнасці, які вядомы таксама пад назваю Дзень Расеі. Туск адзначыў, што ў пэўным сэнсе гэты дзень увасабляе распад Савецкага Саюзу, калі Расея пачала новы этап сваёй гісторыі, і гэта варта згадаць і адзначыць разам з жыхарамі гэтай краіны.

Чаго хочуць расейцы?

Расейцы ўпарта намагаюцца прывабіць маршам да сябе ўвагу і гучна заявіць пра сваю прысутнасць у польскай сталіцы. Арганізатарам варшаўскага паходу выступае Усерасейскі саюз заўзятараў на чале з Аляксандрам Шпрыгіным, чальцом нацыяналістычнай партыі ЛДПР, – адсюль і палітычны падтэкст акцыі. Самі заўзятары запэўніваюць, што хочуць гэтак адсвяткаваць нацыянальнае свята і падтрымаць уласную зборную.

На вуліцах Варшавы, якая жыве чэмпіянатам, можна пачуць і такое меркаванне: заўзятары з Расеі прагнуць справакаваць польскіх фанатаў на бойку, каб адабраць у іх міжнародную славу заўзятых хуліганаў.

Чаго баяцца палякі?

Прадстаўнікі польскіх правых сілаў марш расейцаў у сталіцы расцэньваюць як парад былых акупантаў. Праціўнікі акцыі баяцца, што расейцы выйдуць з савецкаю сімволікаю, якую ў тутэйшым грамадстве шмат хто ўспрымае негатыўна. Да таго ж расейскія фанаты плануюць маршыраваць у чырвоным: гэта колер формы іхнай футбольнай каманды.

Палякі права-кансерватыўных поглядаў перакананыя, што ўдзельнікі маршу адмыслова дамагаюцца агрэсіўнай рэакцыі польскіх фанатаў, каб выставіць Польшчу ў кепскім святле – як краіну, якая не можа гарантаваць бяспекі іншаземцам.

У нядзелю прыхільнікі правых сілаў правялі ў цэнтры Варшавы мітынг памяці па ахвярах смаленскай авіякатастрофы, на якім заклікалі Расею адкрыць праўду пра трагедыю пад Смаленскам. Афіцыйная Масква адрэагавала на падзею спачуваннямі. Трэнер расейскай зборнай Дык Адвакаат, шэф футбольнай федэрацыі Сяргей Фурсенка, а таксама пасол Аляксандр Аляксееў у нядзелю ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды ў памяць ахвяраў катастрофы пад Смаленскам.

Чаго чакаць?

Расейскія заўзятары паводзяць сябе на “Еўра-2012” даволі нахабна. Днямі яны пабілі ў Вроцлаве польскіх ахоўнікаў парадку, справакавалі некалькі боек, выкрыквалі расісцкія лозунгі на стадыёне падчас матчу Расея – Чэхія. Ідзе гаворка нават пра тое, каб забраць у расейскага футбольнага прадстаўніцтва тры пункты – як пакаранне за паводзіны заўзятараў.

Аляксандр Шпрыгін звязвае гэта, аднак, з неафіцыйным падтрыманнем арганізатарамі Польшчы як гаспадара турніру. У інтэрв’ю газеце “Советский спорт” ён зазначыў, што калі будзе зразумела, што палякі не змогуць самастойна выйсці ў чвэрцьфінал, ім дадуць такі шанец, забраўшы ў Расеі гэтыя пункты.

belsat.eu

Стужка навінаў