Погляд з Расеі: хто мае рацыю – Івашкевіч, Мілінкевіч ці іншыя?


Вядомы тэлежурналіст Павел Шарамет разважае, як беларуская апазіцыя мусіць паводзіць сябе падчас парламенцкіх выбараў.

Павел Шарамет падтрымлівае ўдзел у парламенцкіх выбарах. Аднак прапанову “Руху за свабоду” на чале з Аляксандрам Мілінкевічам – ісці без усялякіх патрабаванняў – ён лічыць няслушнаю і называе “пазіцыяй статыстаў”.

“Пачынаць варта з выстаўлення ўладам умоваў, пры якіх апазіцыя будзе ўдзельнічаць у выбарах і якія падпішуць усе партыі. Калі рэжым не выканае патрабаванняў, незалежныя кандыдаты мусяць зняцца”, – лічыць журналіст. Ён верыць, што апазіцыя мае мажлівасць выкарыстаць падтрыманне міжнароднай супольнасці (сярод іншага, еўрапейскай і расейскай) дзеля ціску на рэжым.

Паводле суразмоўцы, байкот парламенцкіх выбараў гэтак і застанецца ў інтэрнэце, ніяк не ўплываючы на рэальнае жыццё. “Івашкевіч прапаноўвае байкатаваць парламенцкія выбары, але сур’ёзна рыхтавацца да прэзідэнцкіх. У мяне ўвогуле падазрэнне: ці не ўсялілася ў цела Івашкевіча пралукашэнкаўская асоба, бо ўсе ягоныя прапановы, насамрэч вонкава прыгожыя, накіраваныя на раскол апазіцыі,” – мяркуе журналіст.

У той жа час Шарамет зазначае, што не хоча крытыкаваць апазіцыі, бо “гэта людзі, якія кожны дзень рызыкуюць”. “Беларуская апазіцыя стала ахвяраю не столькі сваіх уласных памылак або амбіцыяў яе лідараў, колькі ахвяраю гэтай магутнай рэпрэсіўнай машыны”. Хоць амбіцыі, паводле суразмоўцы, таксама прысутнічалі: на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г., куды “паперліся” і тыя, хто нават пры дэмакратычнай сістэме не меў шанцаў перамагчы.

belsat.eu
https://youtu.be/Ug1bkPNfwIY

Глядзі таксама
Каментары