Бухай па-беларуску: у Бабруйску віном «Беларускі пачастунак» папулярызуюць мову


“Чарніла” ў Бабруйску будзе “беларускамоўнае”. Два гады таму ўлады гораду захацелі папулярызаваць беларускую мову і зацвердзілі “Комплекс захадаў” да 2012 г. Цяпер па-беларуску называюцца адзінкавыя ўстановы і прадукты.

Такія здабыткі беларусізацыі пералічаныя ў афіцыйным адказе выканкаму, які атрымалі жыхары Бабруйску. Нагадаем, што жаданне бабруйскіх сябраў Таварыства беларускай мовы супала з ідэямі распрацоўнікаў згаданай Канцэпцыі. Людзі збіралі подпісы пад прапановамі зрабіць беларускамоўныя шыльды з назвамі вуліцаў, Палацу шлюбу, карціннай галерэі, крамаў, пунктаў харчавання. Таксама прасілі вырабляць на роднай мове больш сацыяльна-патрыятычных банераў з цытатамі пісьменнікаў, у тым ліку бабруйскіх.



Дарагая мова?

На беларускую мову няма грошай – вось што адказаў на ліст з прапановаю ад гараджанаў намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Макарчаў.

“У 2010 г. быў прыняты комплекс захадаў на два гады дзеля папулярызацыі беларускай мовы, і яны былі прапанаваныя ўстановам і прадпрыемствам. У тым ліку было прапісанае выкарыстанне дзвюх моваў у найменнях вуліцаў і плошчаў, – прыгадвае чыноўнік. – Але тое, што мы маем, было зроблена да прыняцця комплексу. А замена старых шыльдаў на новыя цяпер немагчымая, бо ў бюджэце на гэта няма сродкаў”.

У лісце чыноўнік хваліцца здабыткамі беларусізацыі ў Бабруйску. Гэта крамы “Красавік” (насамрэч на шыльдзе напісана “Красавик”), “Слодыч”, “Світанак”. У горадзе ёсць рэклама “Купляйце беларускае”, “Зроблена на Магілёўшчыне”. Да дзяржаўных святаў робяць білборды на дзвюх мовах.

Бабруйскі завод напояў вырабляе пладовыя віны “Несцерка”, “Беларускі пачастунак” і “Яблычна-сунічнае”. Ды хлебазавод з фабрыкаю “Чырвоны харчавік” выпускаюць некаторыя тавары з назвамі на мове.

Пазвальняць ідэолагаў



Каб змяніць сітуацыю, трэба звольніць пару ідэолагаў – грошы адразу знойдуцца, мяркуе Ігар Случак, ініцыятар грамадзянскай кампаніі “Справаводства па-беларуску”.

“Гэта не так дорага, як падаецца. Заўсёды можна знайсці дадатковыя сродкі, калі гэта датычыцца культуры народу: можна зрабіць пераразмеркаванне сродкаў, і праблема будзе вырашаная. Не абавязкова змяняць шыльду, можна пакінуць расейскамоўную, далучыўшы да яе беларускую. У Фінляндыі я на свае вочы пабачыў, што моўнае дубляванне магчымае без вялікіх высілкаў. Нават на маленькім аўтобусным квітку ўсё на дзвюх мовах – шведскай і фінскай. Не кажучы ўжо пра шыльды на вуліцах”, – кажа спадар Случак.

Праблема нашай дзяржавы ў тым, што грошы размяркоўваюцца неразумна і часта ідуць на зусім не патрэбныя рэчы.



Навошта нам шыльды?

Калі людзі не бачаць беларускай мовы і не чуюць яе, то ў іх складаецца ўражанне, што яна нікчэмная і неперспектыўная, мяркуе эксперт. Калі ж яны бачаць, што ёсць надпісы на беларускай, справаводства вядзецца па-беларуску, па-беларуску каментуецца футбол, то і яны лягчэй пяройдуць на беларускую, бачачы, што гэтая мова выкарыстоўваецца і яна запатрабаваная.

belsat.eu

Стужка навінаў